Amnesty International прызнала Алеся Бяляцкага вязнем сумлення

Amnesty International заявіла пра гэта 11 жніўня, далучыўшыся да петыцыі міжнародных праваабарончых арганізацый за неадкладнае і безумоўнае вызваленне кіраўніка “Вясны” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага.

“Беларусь мае права караць за ўтойванне падаткаў як за злачынства. Але абвінавачванні, прад’яўленыя Алесю Бяляцкаму, палітычна матываваныя. Ён – вязень сумлення, затрыманы за ажыццяўленне праваабарончай працы, і ён павінен быць неадкладна вызвалены”, – адзначыла эксперт Amnesty International па Беларусі Хэза Макгіл ў заяве арганізацыі ад 11 жніўня.

Паводле яе слоў, адмаўляючы ў рэгістрацыі легітымнай няўрадавай арганізацыі і пазбаўляючы яе магчымасці адкрыта функцыянаваць, Беларусь “не пакідае такім актывістам, як Алесь Бяляцкі, іншага выбару, акрамя як выкарыстоўваць банкаўскія рахункі ў суседніх краінах для фінансавання сваёй працы”.

Хэза Макгіл назвала арышт Бяляцкага часткай “даўняга прыгнёту актывістаў грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, які ўзмацніўся ў сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года”.

У заяве канстатуецца, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года “Вясна” і яе супрацоўнікі патрапілі пад ціск з боку ўладаў, які пастаянна ўзмацняецца на фоне паўсюднага пераследу інстытутаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Іншыя палітычныя вязьні