Ігар Корсак

Ігар Корсак нарадзіўся у 1974 годзе. Вучыўся ў мастацкай вучэльні. У 90-я гады быў адным з актывістаў “Белага легіёну” — патрыятычнай арганізацыі беларускіх вайскоўцаў, якая пазьней фактычна самараспусьцілася.

Храналёгія перасьледу

31 жніўня 1998 г. суд Ленінскага раёну г. Менску вынес прысуд па справе Ігара Корсака і Паўла Сілівончыка. Навучэнцы Ігар Корсак (23 гады) і Павал Сілівончык (18 гадоў) былі затрыманыя міліцэйскім патрулём 2 чэрвеня а 5-й гадзіне раніцы. Яны расклейвалі ў менскім мікрараёне Серабранка ўлёткі апазыцыйнага зьместу, акрамя таго, малявалі фарбай сымбаль (эмблема нефармальнай арганізацыі “Белы легіён”), які мае назву “спарыш” і шырока выкарыстоўвасцца ў беларускіх нацыянальных арнамэнтах.

Пасьля затрыманьня I. Корсак і П. Сілівончык былі дастаўленыя ў РАУС Ленінскага раёну г. Менску, дзе іх пратрымалі 6 гадзінаў. На кватэрах І. Корсака і П. Сілівончыка быў праведзены ператрус, падчас якога ў кватэры І. Корсака былі знойдзеныя ўлёткі апазыцыйнага зьместу, клей і трафарэт са “знакам складанай канфігурацыі” (геамэтрычны малюнак “спарыша”). Абвінавачваньне было прад’яўленае І. Корсаку і П. Сілівончыку амаль празь месяц пасьля затрыманьня, і толькі тады былі ўзятыя падпіскі аб нявыезьдзе.

Спачатку справа І. Корсака і П. Сілівончыка мела адміністратыўны характар, але падчас сьледзтва была перакваліфікаваная ў крымінальную. I. Корсак і П. Сілівончык абвінавачваліся па артыкуле 201, ч. 2 КК РБ — “хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і дзёрзкасьцю”. У якасьці сьведкаў выступалі супрацоўнікі міліцыі, якія праводзілі затрыманьне. Пракурор Слука прасіў пакараць Корсака і Сілівончыка адным годам пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай прысуду. Акрамя таго, у выяве “спарыша” сьледзтва ўбачыла аналёгію з фашыстоўскай свастыкай. Адвакаты і грамадзкі абаронца (прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна-96” Любоў Лунёва) настойвалі, каб з падсудных было зьнятае абвінавачваньне ў распаўсюджваньні фашыстоўскай сымболікі. Суду было прадстаўленае заключэньне эксьпертаў-мастацтвазнаўцаў, зь якога вынікала, што знак “спарыша” зьяўляцца часткай беларускага арнамэнту. Дарэчы, гэты самы арнамэнт выкарыстаны ў аздабленьні афіцыйна прынятага пры Лукашэнку сьцяга РБ. На судзе I. Корсак і П. Сілівончык “прызналі сваю віну часткова”.

Суд прыйшоў да высновы, што “знак складанай канфігурацыі чырвонага колеру”, які падсудныя наносілі з дапамогай трафарэту на сьцены ў менскім раёне Серабранка, “не зьяўляецца свастыкай”. І. Корсаку і П. Сілівончыку быў вынесены прысуд — штраф у памеры 10 мінімальных заробкаў (2,5 млн. беларускіх рублёў). Трафарэт “знаку складанай канфігурацыі” і ўлёткі апазыцыйнага зьместу было вырашана зьнішчыць.

У ліпені 2008 г. пасьля выбуху на канцэрце 4 ліпеня затрымліваўся супрацоўнікамі КДБ як падазраваны ў злосным хуліганстве. На той час у палітыцы Ігар ужо некалькі гадоў не ўдзельнічаў. Аднак у яго хаце быў праведзены ператрус, падчас якога былі знойдзеныя гайкі і балты, а таксама часткі пакетаў з-пад соку, у якіх сваякі вырошчвалі расаду. Тое ж самае адбылося яшчэ з 12 менскімі апазыцыянерамі, якія таксама аказаліся “занадта” гаспадарлівымі. Ігар Корсак знаходзіўся пад вартай у ізалятары ў Менску па вуліцы  Акрэсьціна, трымаў за кратамі галадоўку пратэсту і празь 10 дзён (18 ліпеня) быў вызвалены.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні