Віталь Рымашэўскі: “Гэты рэжым разумее толькі пазіцыю сілы”

Што рабіць, каб беларускія палітычныя вязьні хутчэй апынуліся на волі? І ўвогуле: што рабіць? Дзе маральныя арыентыры? На гэтыя тэмы пастаянна разважаюць палітыкі, журналісты, праваабаронцы… Мы папрасілі выказацца аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 году, а потым вязьня СІЗА КДБ Віталя Рымашэўскага.

— Спадар Рымашэўскі, як чалавек, які правёў у “амерыканцы” некалькі месяцаў, што можаце сказаць пра ўмовы ўтрымання палітвязьняў, пра ціск на іх? Як можаце пракаментаваць сітуацыю з іншымі палітвязьнямі, тое, што з імі адбываецца ў зьняволенні?

— Ведаеце, самае страшнае — тое, што адбываецца менавіта з палітвязьнямі, тое, што робіць дзейсны рэжым у дачыненні палітычных апанентаў, — гэта пагрозы і ціск на сем’і, на родных, блізкіх. Людзей, каторыя не вінаваты, не датычны палітычнай дзейнасьці. Калі пагражаюць дзецям (ёсьць выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да дзяцей палітычных вязьняў, да дзяцей палітыкаў). Гэта значыць, што рэжым сёння злачынны, амаральны цалкам і перайшоў мяжу. Унутраных маральных рамак у гэтых людзей няма. У іх псіхалогія злачынцаў, якія не ведаюць межаў. Нават у крымінальнага сьвету ёсьць межы, якія не дазваляюць ужываць гвалт у дачыненні да дзяцей сваіх ворагаў — у дзейснага рэжыму такога няма.

Я хачу сказаць, што тыя людзі, якія сёння знаходзяцца ў вязьніцах (пра гэта сьведчыць прыклад Аўтуховіча) — гэта людзі, якія фактычна знаходзяцца на мяжы зьнішчэння. Без загада ў беларускіх вязьніцах нічога не робіцца. Асабліва гэта адчуваецца ў дачыненні да палітвязьняў, калі можна казаць пра нейкія магчымыя супраць праўныя дзеянні з боку адміністрацыі. У дачыненні да звычайных, шэраговых зэкаў такі гвалт, такое безуладдзе звычайна адбываецца. Калі ж мы кажам пра палітвязьняў, то ўсё робіцца па загадзе з самага верху. Усе яны знаходзяцца пад кантролем і за ўсе тыя гвалтоўныя дзеянні, нават хай нібы выпадковыя, якія ў дачыненні да іх адбываюцца, нясе адказнасьць дзейсны рэжым і персанальна Аляксандр Лукашэнка. Гэта я ведаю дакладна, і гэта трэба ясна разумець і даваць таксама зразумець яму.
— На ваш погляд, якія дзеянні мусіць прадпрыняць наша беларускае грамадства і міжнародная супольнасьць, каб як мага хутчэй выйшлі палітвязьні, якія знаходзяцца зараз у зьняволенні?

— Гэты рэжым разумее толькі пазіцыю сілы. Гэта іх псіхалогія, і гэта псіхалогія бандытаў. Таму аказваць грамадскі ціск унутры Беларусі, яднаць палітычныя сілы дзеля патрабавання вызвалення палітвязьняў і, безумоўна, спалучаць яго з ціскам з боку міжнароднай супольнасьці. Тымі ўсімі магчымымі сродкамі, каторыя ёсьць. Безумоўна, негвалтоўнымі, безумоўна, цывілізаванымі. Проста мы не павінны браць тыя метады, якія выкарыстоўвае дзейсны рэжым супраць нас, але, тым ня менш, ціск і толькі ціск дапаможа вызваліць палітычных зьняволеных. І вось калі ў апазіцыі, у дэмакратычных сілах пераможа іншая плынь, прадстаўнікі якеой кажуць, што да рэжыма трэба ставіцца больш лаяльна, яму трэба падыгрываць, з ім трэба заігрываць, рабіць крокі яму насустрач, скарачаць сьпіс неўязных у той час, калі ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, з’яўляюцца новыя палітвязьні — вось гэта той шлях, які прывядзе да зьнішчэння дэмакратычнай апазіцыі і павелічэння колькасьці палітвязьняў, які пагоршыць і стан тых людзей, якія сёння знаходзяцца ў вязьніцах. Таму — арганізацыя грамадскага ціску і ціск на дзейсную ўладу. Міжнародны і ўнутры Беларусі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кацярына Садоўская
  • Яўген Васьковіч
  • Юрый Бандажэўскі
  • Мечыслаў Яськевіч