Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч — вэтэран аўганскай кампаніі, пасьпяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыску. Нарадзіўся 7 студзеня 1963 г. у Ваўкавыску. Пасьля школы скончыў СПТВ-37 у суседняй Вялікай Бераставіцы, стаў мэханікам па рамонце аўтамабіляў. З 1981 году служыў у войску ў Саратаўскай вобласьці Расеі кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. Пазьней скончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць у Аўганістан. За ахову маста пад Кандагарам і ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума мэдалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Звольніўся з войска ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старшым прапаршчыкам, стаў займацца бізнэсам.

Храналёгія перасьледу

Быў зьняволены 7 ліпеня 2006 г. на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. Тэрмін зьняволеньня яму адлічваўся ад 15 кастрычніка 2005 году, калі яго пасадзілі ў сьледчы ізалятар у калёніі № 1 у Менску.

Суд па канфіскацыі маёмасьці адбыўся пры канцы 2007 году. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зьняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак. Тым часам былі сканфіскаваныя 13 таксовак, кватэра і два склады. Да спагнаньня была прызначаная сума больш як на 350 мільёнаў рублёў.

Ён быў адным з шасьці палітзьняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЭЗ, аднак 8 лютага 2009 г. яго зноў затрымалі і ў 2010 г. асудзілі нібыта за захоўваньне зброі. Здароўе Аўтуховіча тады было сур’ёзна падарванае сэрыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай мэдычнай дапамогі.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле артыкулу 295 частка 3 — “Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”. Дадаткова Аўтуховіча асудзілі яшчэ на 2 месяцы зьняволеньня, матываваўшы тым, што быццам бы новае злачынства ён учыніў, не адбыўшы 2 месяцы з папярэдняга пакараньня. Такім чынам, цяпер Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму, без канфіскацыі маёмасьці.

Адбываў пракараньне ў папраўчай калёніі № 5 у г. Івацэвічы (Берасьцейская вобласьць). У сьнежні 2011 г. на месяц быў зьмешчаны ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Рашэньнем суду, які адбыўся 17 студзеня 2012 г., быў пераведзены ў турму Гародні.

Вызвалены па адбыцьці пакараньня 8 красавіка 2014 году.

 


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні