Мікалай Аўтуховіч: З мяне таксама хацелі зрабіць тэрарыста…

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч параўноўвае сваю справу і “справу патрыётаў”, а таксама прагназуе, чым апошняя можа скончыцца.

“Белы легіён”, якія перастаў існаваць ужо доўгі час таму, падчас пратэстаў стаў інструментам для запалохвання грамадства”, – распавядае Мікалай Аўтуховіч сайту palitviazni.info.

Нагадаем, днямі стала вядома, што крымінальны пераслед фігурантаў “справы патрыётаў” на падставе ч. 3 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) КДБ спыніў.

У той жа час Следчы камітэт Беларусі прыняў да вытворчасці крымінальную справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, распачатую Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.

– Паміж маёй справай, калі з мяне хацелі зрабіць ледзь не тэрарыста, і сёняшняй сітуацыяй, безумоўна, можна правесці нейкія паралелі, – распавядае сайту palitviazni.info Мікалай Аўтуховіч. – Памятаеце, што афіцыйна заяўлялі сілавікі ў 2009 годзе? Маўляў, МУС выкрыла замову, мэтай якой была фізічная ліквідацыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама і намесніка міністра па падатках і зборах. Паведамлялася, што ўсё гэта рыхтавалася з дапамогай выбуховага прыстасавання і гаранатамёта былымі “афганцамі”, а я якраз і ўзначальваў гэтую “тэрарыстычную” групу.

І што адбылося ў выніку? Усе гэтыя гучныя абвінавачванні рассыпаліся на судзе як пясок. Але ж сілавікі не маглі так проста выпусціць на волю “тэрарыста”, а таму за некалькі патронаў далі мне больш за 5 гадоў турмы.

– “Справа патрыётаў” – з гэтай жа “оперы”?

– Так. Мы бачылі, як ізноў прагучалі сенсацыйныя заявы, што выкрылі чарговых “тэрарыстаў”, а сёння мы ўжо бачым, што справа ізноў развальваецца. Я і раней прагназаваў, што праз час хлопцаў пачнуць выпускаць з-за кратаў, але добра яшчэ, што не зладзілі якую-небудзь правакацыю. Бо тады было б усё значна горш. За краты пайшлі б усе актыўныя людзі, і ніхто б не разбіраўся.

Але да жорсткага сцэнара справа не дайшла, мяркую, на гэта паўплывала тое, што пратэсты скончыліся, а таму і справу пачалі ціха спускаць на тармазах. Гэта такая тактыка сілавікоў, і я пра яе казаў адразу. Таму я і выступаў супраць таго, каб людзі выходзілі на вуліцу, бо ведаў, чым усё скончыцца. У сілавікоў сёння вельмі шмат моцы, і яны маглі зрабіць усё што заўгодна. Рэпетыравалі яшчэ на мне. Дарэчы, тыя, хто абвінавачваў мяне ў тэрарызме, ніхто не пацярпеў. Усе працуюць на сваіх працоўных месцах, а некаторыя нават пайшлі на павышэнне.

– Старшыня КДБ заявіў днямі, што заўчасна казаць, ці дойдзе “справа патрыётаў” да суда. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

– Думаю, што не дойдзе, бо бачна, якая зброя фігуруе ў справе. Хлопцаў кінулі за краты, таму што пэўным сілам у пэўны момант гэта было выгодна. Але ж на судзе усе ўбачаць, што адбывалася. Муляжы будуць прад’яўляць суду? Па БТ паказалі сюжэт пра затрыманне Сяргея Кунцэвіча. Журналісты называлі яго «кіроўцам Статкевіча» і дэманстравалі кадры, як з яго машыны дастаюць бутэлькі з гаручай сумессю, так званым кактэйлем Молатава. І што зараз бачым? Крымінальная справа ў адносінах да Кунцэвіча спынена, пра тыя бутэлькі ўжо ніхто і не ўспамінае. Яны зніклі гэдак жа раптоўна, як і з’явіліся. Асабіста я зрабіў для сябе выснову, што гэта было стопрацэнтная пастаноўка. Паўтаруся, 25 сакавіка, падчас пратэстаў на Дзень волі, улады вырашылі паказаць сілу, а разам з гэтым пад рэпрэсіі патрапілі і тыя, хто зараз праходзіць па “справе патрыётаў”.

– Захад паўплывае на гэтую справу альбо тут ужо беларускія ўлады самі будуць вырашаць каго караць, а каго памілаваць?

– Для рэжыма самае галоўнае было збіць пратэсты і ўтрымаць уладу. Бо калі няма ўлады, то не будзе з кім і размаўляць – ні з Захадам, ні з Усходам. А што датычыцца еўрапейска-беларускіх стасункаў, то тут сёння правілы гульні дыктуе геапалітыка. Таму і палітыкі нярэдка вядуць сябе досыць прагматычна, калі заплюшчваюць вочы на нейкія парушэнні правоў чалавека, якія, на думку асобных еўрапейскіх чыноўнікаў, не такія небяспечныя, як усходняя агрэсія. Але, мяркую, “справа патрыётаў” усё-такі будзе знаходзіцца на пэўным кантролі ў Еўропе, хаця і беларускія ўлады, напэўна, захочуць, каб пра яе як мага хутчэй забылі.

– Асобныя лідары апазіцыі зараз ізноў заклікаюць людзей на вуліцу з акцыямі пратэсту. Як вы ставіцеся да гэтага?

– Я дрэнна стаўлюся да мерапрыемстваў, ад якіх нулявы эфект. Калі вы ўжо збіраецеся выпусціць пару, то арганізуйце такую акцыю, за якую б не было сорамна. А калі некалькі сот чалавек выйдуць, каб памахаць сцягамі, то толку тут не бачу. Няма адзінства, няма салідарнасці, няма моцы… А самая галоўная пратэстная моц – у рэгіёнах. Але ж там з людзьмі амаль ніхто не працуе, там яны не ведаюць нават, да каго падацца. Вось таму многія і не вераць ужо даўно у апазіцыю. Людзі думаюць, як ім выжыць сёння. Вось калі будзе агульная салідарнасць людзей – тады гэта моц. Але гэтага няма.

– Кажуць, што многія фігуранты “справы патрыётаў” – абюсалютна выпадковыя людзі, якія да палітыкі не маюць дачынення…

– За кратамі насамрэч знаходзяцца інтылігентныя людзі, але відавочна, што за імі сачылі, хаця тыя і вялі нейкую ціхую грамадскую дзейнасць. А “Белы легіён”, якія перастаў існаваць ужо доўгі час таму, стаў добрым інструментам для запалохвання грамадства.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Скрабец
  • Аксана Новікава
  • Уладзімер Кобец
  • Кацярына Садоўская