Аксана Новікава

Аксана Новікава — прыватная прадпрымальніца зь Менску, грамадзкая актывістка. Нарадзілася ў 1973 годзе ў вёсцы Клыпаўшчына Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці. Займалася аптовымі пастаўкамі прадуктаў. Паўтара года жыла ў Францыі, дзе ў 2001 годзе нарадзілася яе дачка Рыяна.

Аксану Новікаву часта параўноўваюць з савецкімі дысыдэнтамі. Яна вядомая як чалавек адзіночнага пратэсту, індывідуальнага супраціву сістэме. Яе ўлёткі заўсёды краналі эмацыйнымі тэкстамі і шляхетным зваротам да чытача.

Храналёгія перасьледу

4 красавіка 2003 году Цэнтральны суд Менску пакараў жыхарку сталіцы Аксану Новікаву за абразу прэзыдэнта. Аксане ставілася ў віну тое, што 17 кастрычніка 2002 году яна раздавала мінакам улёткі на Кастрычніцкай плошчы. Ва ўлётках было напісана, што Аляксандар Лукашэнка і кіраўнікі сілавых ведамстваў мелі дачыненьне да выкраданьня людзей.

Амаль суткі Аксана праседзела ў ізалятары і ўвечары 18 кастрычніка была выпушчаная пад падпіску пра нявыезд. Сьледчы пракуратуры Цэнтральнага раёну Максім Падзярэй пачаў крымінальную справу, зьвінаваціўшы А. Новікаву ў парушэньні артыкулу 367 ч. 2 КК (паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі). За гэта маладой жанчыне пагражала абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.

Суд не выклікаў ніводнага сьведкі, якіх прапанавала абарона, і пакараў Аксану Новікаву за абразу прэзыдэнта двума гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады.

Аксана Новікава, нягледзячы на пакараньне, і далей удзельнічала ў вулічных апазыцыйных акцыях. Двойчы яна самастойна правяла пікеты і панесла за гэта адміністратыўную адказнасьць. За парушэньні Адміністратыўнага кодэксу Аксану маглі накіраваць адбываць пакараньне ў жаночую калёнію, але ўсё ж было ўлічана тое, што яна мае маленькае дзіця.

11 лютага 2004 г. Камітэт выкананьня пакараньняў амніставаў Аксану Новікаву.

У 2005-2006 гг. пракуратура Дзяржынску спрабавала завесьці на Аксану Новікаву крымінальную справу за махлярства. Сутнасьць справы палягала ў тым, што ў 2005 г. супрацоўнікі пашпартнага аддзелу гораду выявілі, што нейкая жанчына атрымала фальшывы пашпарт з фатаздымкам А. Новікавай. Аднак закідам пракуратуры папярэднічала спроба грамадзкай актывісткі прыцягнуць да адказнасьці вядучага тэлепраграмы “Паліттэхналёгіі” Яўгена Новікава, які, на думку Аксаны, у адной са сваіх тэлеперадачаў дапусьціў выказваньні, зьвязаныя з прапагандай вайны.

У 2004 г. стала сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Напярэдадні Дня перамогі ў 2006 годзе Аксана Новікава вывесіла на сваёй хаце ў прыватным сэктары Менску плякат з расейскамоўным надпісам “Свободу политзаключенным”, які правісеў больш за тыдзень на ўзроўні гарышча і быў добра бачны ўсім, хто рухаўся вуліцай ці наведваў прадуктовую крамы ў менскім раёне, вядомай як “сельгаспасёлак”.

Аксана таксама арганізоўвала акцыю ў падтрымку грамадзкага аб’яднаньня “Прававая дапамога насельніцтву”, зачыненага ўладамі. Яна зьвярталася і да ўладаў Расеі, заклікаючы іх спыніць вайну ў Чачэніі, якая цягне за сабой выбухі ў мірных расейскіх гарадах. У студзені 2005 г. Аксана зладзіла акцыю-пэрформанс “Збор сродкаў на “Памаранчавую рэвалюцыю ў Беларусі”.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Ус
  • Зьміцер Завадскі
  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Андрэй Абозаў
  • Алесь Бяляцкі