Мікалай Аўтуховіч: Заўсёды кажу праўду ў вочы

autuhowic22 Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч даволі крытычны ацэньвае пратэсты прадпрымальнікаў і іншых сацыяльных групаў насельніцтва і дадае, што старыя апазіцыйныя лідары павінны сыходзіць і саступаць месца маладым.

“Пратэсты праблемы не вырашаць, і на такія акцыі прыходзіць зусім мала людзей”, – адзначыў Мікалай Аўтуховіч сайту palitviazni.info.

– Вось выйшлі тыя ж ІП-эшнікі і патрабуюць адмены Указа №222, – працягвае суразмоўца. – Але гэта не зусім правільна, бо ад гэтага дакумента пацярпела толькі частка прадстаўнікоў малога бізнеса. Але ж акрамя іх ёсць яшчэ і іншыя прадпрымальнікі, якія займаюцца паслугамі, гандлем з дакументамі… І ў іх таксама ёсць свае праблемы. Існуюць малыя прадпрыемствы, у якіх шмат праблем з рознымі указамі і дэкрэтамі, якія перашкаджаюць працы, тармозяць развіццё эканомікі і змяншаюць узровень нашага жыцця. А пра гэта ніхто нічога не кажа.

– Наколькі вядома, вы дапамагаеце актывісту прадпрымальніцкага руху Алесю Макаеву. У чым заключаецца дапамога?

– Мы рыхтуем пералік усіх дакументаў, якія перашкаджаюць працы, каб гэта данесці да ўлады. Трэба патрабаваць адмены гэтых нарматыўных актаў, якія ніякага развіцця не даюць. У крызісны час улада павінна дапамагаць людзям, неабходна здымаць усялякія абмежаванні і забароны, падаткі. І народ не хадзіў бы тады з працягнутай рукой, сам бы выжыў і знайшоў сабе грошы, каб пракарміць сям’ю. Дык не – яшчэ і перашкаджаюць выжываць. У людзей няма працы, заробкаў, а ім яшчэ дэкрэт аб лайдаках “у плечы”. Ідзі і плаці падатак за тое, што ў краіне няма працы!

А яшчэ дзяржава абклала падаткам на дададзеную вартасць фірмы, якія адгружаюць тавар. Толькі адгрузілі – адразу заплаці. Існуе падатак на акцыз, які ўвялі. Чаму пра гэта мала кажуць? Атрымліваецца, што ўлада як ліпку абдзірае яшчэ і свае прадпрыемствы. Вось пра што трэба біць у званы, а не толькі патрабаваць адмены Указа №222.

– Тым не менш, вы днямі прысутнічалі на плошчы падчас акцыі прадпрымальнікаў…

– Я заўсёды кажу праўду ў вочы, таму выступіў і сказаў, што не падтрымліваю такія выхады на вуліцу. Ні да чаго яны не прывядуць, і ніякай рэакцыі не будзе. А, калі сур’ёзна разлічваеце нечага дасягнуць, тады неабходна правесці моцную акцыю пратэсту. Але да гэтага патрэбна падрыхтавацца. І палітыкі тут нічым не могуць дапамагчы. Я яшчэ ў турме сачыў за тым, што адбываецца ў дэмакратычным асяродку на волі і разумеў, што без аб’яднання вынік будзе – нуль! Сёння ў нас ёсць аб’яднанне? Няма. Тады на які вынік мы разлічваем? Самае сумнае, што і гісторыя нікога не вучыць. Граблі застаюцца старыя, што ў 2001-м годзе, што ў 2015-м. Няма адзінага лідара, няма адной каманды. Кожны цягне коўдру на сябе.

Я ўвогуле лічу, што старыя апазіцыйныя палітыкі, якія гадамі сядзяць на сваіх месцах, павінны проста сысці і забыцца. Калі хочаце дапамагаць – дапамагайце. Вось як Анатоль Лябедзька, які прыносіць мегафон на плошчу. Але закіньце ў самы далёкі кут свае амбіцыі! Дваццаць гадоў нічога не можаце зрабіць – саступайце дарогу маладым.

Мне вельмі шкада гэтых людзей, якія ў такім узросце займаюцца глупствам. Вось шчыра скажу – я б ніколі не пайшоў з імі ў разведку ці на вайну.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Парсюкевіч
  • Мікола Маркевіч
  • Сяргей Каваленка
  • Юрый Хадыка
  • Віталь Рымашэўскі