Мікалай Аўтуховіч стварае арганізацыю, якая будзе абараняць правы зняволеных

13912397_629526770554958_4625067509526757225_n“Узначаліць структуру даў згоду Васіль Завадскі, якія ў свой час працаваў начальнікам медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, – распавёў Мікалай Аўтуховіч сайту palitviazni.info. – Будзем абараняць не толькі тых, хто знаходзіцца за кратамі, але і тых, хто выйшаў на волю”.

Яшчэ год таму былы палітвязень прапанаваў ідэю стварэння структуры, якая б рэальна займалася абаронай вязняў.

“Мы паспрабуем зарэгістраваць гэтую структуру, – распавёў Мікалай Аўтуховіч. – У выпадку, калі дазволяць легальную дзейнасць, будзем праводзіць маніторынг сітуацыі ў калоніях, і я гатовы аддаць усе кантакты, што маю. Дарэчы, калі я выйшаў на волю ў 2008 годзе, то прапанаваў апазіцыйнай супольнасці падумаць пра стварэнне міжнароднай незалежнай камісіі, якая б разглядала і аналізавала рашэнні беларускіх судоў. У каментарыях некаторыя тады здзекліва пісалі: “Не хапала яшчэ, каб таксіст указваў, што трэба рабіць”. Я не звяртаю ўвагу на розныя падначкі, але, як чалавек, які прайшоў праз турэмную школу, ведаю адно: немагчыма абараніць вязняў, калі не будзе кантролю за сітуацыяй”.

І вось зараз, па словах Аўтуховіча, арганізацыя прайшла рэгістрацыю ў выканкаме.

“Мы назвалі новую структуру “Таймакт”, – распавядае суразмоўца. – Іншымі словамі – “Час дзейнічаць”.  Узначаліць структуру даў згоду Васіль Завадскі, якія ў свой час працаваў начальнікам медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Гэта вельмі прыстойны чалавек, я пазнаёміўся з ім, калі знаходзіўся за кратамі і праводзіў галадоўку. Памятаю, што Васіль Завадскі, калі прыходзіў да мяне праводзіць агляд ці даведацца пра стан здароўя, заўсёды прыносіў пітную ваду ды і наогул хваляваўся за мой лёс. І такое стаўленне ў чалавека было не толькі да мяне, а і да астатніх палітычных зняволеных”.

Мікалай Аўтуховіч дадае, што арганізацыя будзе змагацца не толькі за правы тых, хто знаходзіцца за кратамі, але і тых, хто выходзіць на волю.

“Зараз мы хочам схадзіць на перамовы да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакарання, – кажа суразмоўца. – Спадзяемся ўсё-такі, што нейкія пытанні можна вырашаць сумеснымі намаганнямі. Але ў поўную моц арганізацыя яшчэ не працуе, бо трэба вырашыць некаторыя фармальнасці. Нейкага фінансавання  на гэты праект у нас няма, таму пакуль усё будзе трымацца на валанцёрскіх пачатках”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Марцалеў
  • Мікалай Дзядок
  • Тацяна Елавая
  • Вадзім Кабанчук