Сяргей Парсюкевіч

Сяргей Парсюкевіч — маёр міліцыі ў адстаўцы, выйшаў на пэнсію ў 2004 годзе ў рангу начальніка судова-крыміналістычнага аддзелу, пасьля чаго заняўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Быў старшынём Рады індывідуальных прадпрымальнікаў Смаленскага рынку ў г. Віцебску.

Парсюкевіч быў адным з удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў супраць прэзыдэнцкага дэкрэту № 760, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 году. 13 студзеня ён быў затрыманы ў Віцебску міліцыяй, абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай дэманстрацыі 10 студзеня і перавезены ў Менск. 14 студзеня яму былі прысуджаны 15 сутак арышту, падчас якіх ён трымаў галадоўку.

Храналёгія перасьледу

23 красавіка 2008 г. суд Маскоўскага раёну сталіцы вынес прысуд лідэру віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргею Парсюкевічу. Судзьдзя Уладзімер Аўдзеенка прызнаў  яго вінаватым у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі) і вызначыў меру пакараньня — два з паловай гады калёніі агульнага рэжыму. Таксама Сяргей Парсюкевіч быў абавязаны выплаціць міліцыянту Дулубу 1 мільён 100 тыс. рублёў кампэнсацыі за маральныя пакуты.

2 траўня 2008 г. асуджанага віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча перавялі ў сьледчы ізалятар Жодзіна (Смалявіцкі раён), што зьвязана з рамонтам сталічнага СІЗА. На наступны дзень адбылася сустрэча палітвязьня зь ягонай адвакаткай Верай Страмкоўскай. Яна адзначыла, што Сяргей Парсюкевіч дрэнна сябе адчувае, яму неабходная апэрацыя ў сувязі з паліпозам. Па словах адвакаткі, асуджаны напісаў заяву пра датэрміновы перавод са сьледчага ізалятару ў калёнію, бо толькі адтуль яго могуць накіраваць на апэрацыю ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. 21 траўня Сяргея Парсюкевіча зьмясьцілі ў санчастку Жодзінскай калёніі, у палаце з палітвязьнем апынуліся псыхічна хворыя людзі.

Пазьней Сяргея Парсюкевіча перавялі адбываць пакараньне ў Шклоўскую калёнію, а затым — у менскую турму на вуліцы Кальварыйскай.

20 жніўня 2008 г. памілаваны кіраўніком дзяржавы, вызвалены.

Працягваў займацца палітычнай дзейнасьцю. Падчас выбараў прэзыдэнта 2006 году быў назіральнікам на выбарчых участках ад штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Затрымліваўся і караўся адміністратыўнымі арыштамі, у 2008 г. быў моцна зьбіты на Акрэсьціна. Зараз — актывіст кампаніі “Гавары праўду!”.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валер Сядоў
  • Мікалай Дзядок
  • Васіль Лявонаў