Сяргей Парсюкевіч: Сёння ўсе пратэсты – у сацыяльных сетках

maxresdefaultСяргей Парсюкевіч – маёр міліцыі ў адстаўцы, які ў свой час быў адным з лідараў прадпрымальніцкага руху, распавёў сайту palitviazni.info, чым ён займаецца зараз, пра сваё стаўленне да апазіцыі і сёняшніх прадпрымальнікаў і ўвогуле – пра сітуацыю ў краіне.

“У 2008 годзе ў Беларусі было шмат ініцыятыўных людзей, якія хацелі нешта змяніць да лепшага. А зараз тут – ціхае балота”, – кажа суразмоўца.

 

З ДАВЕДКІ

Сяргей Парсюкевічмаёр міліцыі ў адстаўцы, выйшаў на пенсію ў 2004 годзе ў рангу начальніка судова-крыміналістычнага аддзелу, пасля чаго заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Быў старшынёй Рады індывідуальных прадпрымальнікаў Смаленскага рынку ў Віцебску, адным з удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў супраць прэзідэнцкага дэкрэту № 760, якая адбылася ў Мінску 10 студзеня 2008 году. 13 студзеня ён быў затрыманы ў Віцебску міліцыяй, абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай дэманстрацыі і перавезены ў Менск. 14 студзеня яму былі прысуджаны 15 сутак арышту, падчас якіх ён трымаў галадоўку.

23 красавіка 2008 г. суд Маскоўскага раёну сталіцы вынес прысуд лідару віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргею Парсюкевічу. Суддзя Уладзімер Аўдзеенка прызнаў  яго вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі) і вызначыў меру пакарання — два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

20 жніўня 2008 г. Сяргей Парсюкевіч быў памілаваны кіраўніком дзяржавы і вызвалены.

– Сяргей, дзе вы зараз працуеце?

– На будоўлі. З трыма дапломамі аб вышэйшай адукацыі працую з перфаратарам у руках. Летам – у спякоце, зімой – на марозе.

– Прадпрымальніцтвам ужо не займаецеся?

– А як займацца, калі яшчэ ў 2008 годзе мяне ўсяго пазбавілі? Ні месца няма для гандлю, ні ліцэнзіі. Можа быць, і можна было б усё пачаць “з нуля”, але ёсць у мяне вялікае падазрэнне, што, як толькі пачну працаваць ізноў, пачнуць “займацца” і мной. Тэарэтычна можна было б зарэгістраваць ІП на блізкіх, каб самому не “свяціцца”, але ж усё роўна даведаюцца.

– Адсочваеце сітуацыю, што зараз склалася ў прадпрымальніцкім асяродку?

– Так, сябры, з якімі раней працаваў, тэлефануюць і распавядаюць. Але, наколькі я разумею, зараз у асяродку прадпрымальнікаў усё глуха, як у танку. Народ не дайшоў да нейкіх дзеянняў па адстойванні сваіх правоў.

– У 2008 годзе прадпрымальнікі былі іншыя?

– І прадпрымальнікі былі іншыя, і сама сітуацыя ў краіне. Тады было шмат ініцыятыўных людзей, якія хацелі нешта змяніць да лепшага. А зараз у Беларусі – ціхае балота. Сёння ў СМІ зрэдку фігуруюць толькі прозвішчы лідараў прадпрымальнікаў Шумчанкі ды Макаева, а раней самі прадпрымальнікі заяўлялі пра сябе ў поўны голас. Але з таго часу шмат актыўных людзей з’ехалі з краіны альбо “завязалі” з бізнесам. Ці прымусілі “завязаць”, як гэта было ў маім выпадку. Таму навошта мне зараз ізноў да некага далучацца, калі я заняты зусім іншай справай?

– Не шкадуеце, што ў свой час занялі актыўную грамадзянскую пазіцыю, праз што страцілі і волю, і працу?

–  А што зменіцца, калі заняцца шкадаваннем? Так, магчыма, калі б не актыўнічаў, то бізнес у мяне, можа быць, заставаўся б да гэтага часу, і зараз я не лічыў бы тыя капейкі, што атрымліваю. Але, на жаль, інакш я не мог.

– Цяпер палітыкай не цікавіцеся?

– Адсочваю крыху сітуацыю, але, шчыра кажучы, не бачу вялікага сэнсу ў многіх апазіцыйных арганізацыях. Дваццаць пяць гадоў адны і тыя ж людзі, а работы з народам практычна ніякай не вядзецца. Апазіцыі па сутнасці няма. Тое, што засталося, – адна бачнасць. А ўсе пратэсты і актыўнасць сёння сыйшлі ў Інтэрнэт, у сацыяльныя сеткі. Вось там – самыя гарачы палітычныя спрэчкі, там выходзяць на вуліцы, там адстоўваюць справядлівасць і змагаюцца з усімі, з кім толькі можна. Але выключаецца камп’ютар – і змаганне заканчваецца да наступнага дня.

На мой погляд, краіна яшчэ не дайшла да таго стану, калі людзі публічна гатовы выказаць сваю пазіцыю. Самі людзі не гатовы, хаця мы ж бачым, што робіцца ў эканоміцы. Наколькі мне вядома, нават у таго ж “Нафтана” праблемы з фінансамі. Не тое, што на новыя аб’екты, а на рэканструкцыю і рамонт старых няма грошай. Не хапае добрых спецыялістаў, ніхто толкам нічога не ўмее. Мы зараз “вядзём” адзін буйны аб’ект, які павінны былі здаць яшчэ два гады таму. Дык вось добра, калі яшчэ праз два гады здадзім. Ды і заробкі малыя. У нас, напрыклад, генпадрадчык з Харватыі, дык ён наогул не разумее, як можна працаваць, калі грошай не плацяць. А як плацяць – так і працуюць.

– Затое штат сілавікоў у краіне даволі вялікі. Вы, як былы супрацоўнік міліцыі, напэўна, апраўдваеце гэты крок улады?

–  Калі глядзець на пытанне са званіцы ўлады, то, безумоўна, гэты крок ёй падаецца апраўданым, каб утрымліваць сітуацыю пад кантролем. Іншая справа, якая зараз міліцыя… Я, калі ішоў працаваць у праваахоўныя органы, браў дзве рэкамендацыі ад дзеючых афіцэраў. Чалавека з вуліцы ў органы наогул не бралі. А зараз ледзь не на слупах аб’явы вісяць – запрашаем на працу ў міліцыю. Ведаю, што такія запрашэнні нават прыходзілі тым, хто стаіць на ўліку ў той жа самай міліцыі. Пра што гэта кажа? Што амаль ніхто не хоча туды ісці свядома. Затое сілавікам даюць ільготныя крэдыты на кватэры, ёсць іншыя “пернікі”… А, калі ёсць попыт, то знойдзецца і прапанова.

– Калі ведаеце, зараз змянілася ў краіне і сітуацыя з арыштамі, палітзняволенымі… Замест гэтага актывістам выпісваюць штрафы. Як вы ставіцеся да такой “лібералізацыі”?

–  На мой погляд, лепш “суткі” адсядзець, чым плаціць вялікі штраф, таму масштаб рэпрэсій не змяніўся. А ўлады, безумоўна, эфектыўнасць сваёй рэпрэсіўнай машыны значна павысілі. Чалавек дзесяць разоў падумае перад тым, чым пайсці на акцыю. Штрафы, натуральна, можна і не плаціць, але ж дадуць з-за гэтага новых праблем. Я дарэчы, невыязны за мяжу з 2008 году. На мяне “павесілі” ўсялякія грашовыя іскі, якія я прынцыпова вырашыў не плаціць. 2-3 мільёны (на старыя грошы) – гэта, безумоўна, не сума, але і іх плаціць не збіраюся.

У мяне складваецца ўражанне, што ў краіне наогул створана цэлае падраздзяленне, якое ходзіць па гарадах краіны і думае, з каго яшчэ можна грошы “злупіць”. Таму нічога не зменіцца – актывісты будуць плаціць штрафы і надалей. Пра “суткі” няхай забудуцца.

– У парламенцкай кампаніі нікога не збіраецеся падтрымаць?

– Я глупствам не займаюся.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Парсюкевіч
  • Яна Палякова
  • Кацярына Садоўская