Былы палітвязень Міхаіл Чыгір: Куды мы ідзем?!

Былы прэм’ер-міністр у здзіўленні ад дзеянняў Лукашэнкі.

Міхаіл Чыгір, які ўзначальваў урад Беларусі ў 1994-1996 гадах, крытычна ацэньвае становішча спраў у эканоміцы: «Бачу толькі адзін прыём – падвышэнне коштаў. Так не павінна быць!».

– Тое, што сёння адбываецца ў эканоміцы Беларусі, мне, як радавому грамадзяніну не падабаецца, – сказаў «Салідарнасці» Міхаіл Чыгір. – Я бачу толькі адзін прыём у эканоміцы – падвышэнне тарыфаў і коштаў. Гэтак жа не павінна быць! Нашы кошты вышэй еўрапейскіх у многіх пазіцыях, параўнайце Польшчу і Беларусь. Ну як жа гэта так?! Куды мы ідзем?!

Былы прэм’ер-міністр мяркуе, што ўладам варта сур’ёзна прааналізаваць прычыны дарагоўлі беларускіх тавараў.

– Чаму ў нас цана на газ і энерганосьбіты значна ніжэй, чым у суседзяў, а кошт канчатковай прадукцыі значна вышэй? Людзі ж ездзяць у тую ж Польшчу, бачаць і добра ведаюць сітуацыю. Такая ашаламляльная розніца! – Адзначыў Міхаіл Чыгір. – Уладам трэба адказаць на пытанне: ча-му? Няхай назавуць прычыны, як з розніцы цэн на энерганосьбіты ў нашу карысць (у параўнанні з суседзямі) атрымліваецца розніца не ў нашу карысць на канчатковую прадукцыю для насельніцтва. Трэба шукаць нейкія рэзервы, магчымасці.

У той жа час былы прэм’ер не схільны вінаваціць ва ўсіх бедах Савет міністраў.

– У нас ёсць яшчэ адзін урад – у адміністрацыі прэзідэнта, у якой прымаюць нямала пастаноў. І на якія, як я разумею, Мясніковіч паўплываць не можа. Хоць ён павінен быў бы змагацца з гэтым, але штосьці гэтага не відаць, – адзначыў Міхаіл Чыгір.

Ён распавёў, як падчас свайго прэм’ерства прымаў самастойныя рашэнні, абыходзячы ўказанні Аляксандра Лукашэнкі.

– У адрозненне ад сённяшніх дзён у 90-я гады мы проста былі вымушаныя падвышаць кошты, паколькі яны былі вельмі нізкімі і не пакрывалі сабекошт прадукцыі. Я чакаў, калі прэзідэнт ад’едзе з рэспублікі, і прымаў такія пастановы. Лукашэнка лаяўся на мяне страшна, хоць нам тады да еўрапейскіх коштаў вельмі далёка было. А цяпер, калі мы перагналі еўрапейскія, штосьці ён не рэагуе як тады, з усім пагаджаецца, – сказаў «Салідарнасці» Міхаіл Чыгір. – Хтосьці павінен спыніць нястрымны рост коштаў. Я мяркую, што ў першую чаргу гэта павінен зрабіць урад.

Іншыя палітычныя вязьні