Аляксандар Баразенка

Вучыўся ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце (Польшча) і ва ўнівэрсытэце ў Санкт-Пецярбургу, незалежны журналіст. Нарадзіўся 9 траўня 1988 году ў Пінску Берасьцейскай вобласьці. Жыве і працуе ў Менску.

Храналёгія перасьледу

Будучы студэнтам Уроцлаўскага ўнівэрсытэту, Аляксандар Баразенка праходзіў у якасьці абвінавачванага па “справе 14-ці” яшчэ на пачатку 2008 году. Крымінальная справа за ўдзел у акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў была ўзбуджаная адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: па ч. 1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”, і ч. 2 арт. 339 — “Хуліганства, учыненае групай асобаў альбо зьвязанае з супрацівам”. Статус падазраванага, а пасьля і абвінавачанага, па дадзенай крымінальнай справе атрымалі 14 моладзевых актывістаў: Пашкевіч Міхась, Цішкевіч Тацяна, Субач Міхась, Чарнышоў Алесь, Стральцоў Алесь, Вінаградаў Павал, Бондар Аляксей, Баразенка Аляксандар, Дашук Максім, Дубскі Арцём, Сяргееў Уладзімер, Крываў Міхась, Антон Койпіш і арыштаваны Кім Андрэй. Большасьць гэтых актывістаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а Тацяна Цішкевіч правяла за кратамі ажно 20 сутак. Па колькасьці абвінавачаных крымінальная справа атрымала назву “працэс 14-ці” (альбо “справа 14-ці”) і расьцягнулася амаль на год.

Падчас судовага працэсу над астатнімі абвінавачванымі Баразенка знаходзіўся ў Польшчы, у сувязі з чым за “ўхіленьне ад яўкі да сьледчага” 12 траўня 2008 г. адносна яго была прынятая пастанова аб узяцьці пад варту, і ён быў абвешчаны ў вышук.

27 кастрычніка Баразенка разам з адвакатам добраахвотна зьявіўся да сьледчага, дзе быў затрыманы і накіраваны ў сьледчы ізалятар. Трымаў галадоўку.

Эўракамісар Фэрэра-Вальднэр заклікала беларускія ўлады вызваліць Аляксандра Баразенку, зазначыўшы, што “важна, каб Беларусь заставалася краінай без палітычных зьняволеных і паважала свабоду выказваньняў, аб’яднаньняў і сходаў”. Нягледзячы на міжнародную рэакцыю, Баразенка паўтара месяца да суду знаходзіўся пад вартай.

Суд над Баразенкам пачаўся 8 сьнежня. Моладзевы актывіст быў асуджаны да аднаго году абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Васільеў
  • Уладзімер Падгол
  • Алег Федаркевіч
  • Аляксандар Малчанаў
  • Максім Дашук