Аляксандар Малчанаў

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 году ў Барысаве. Вучыўся ў Барысаўскай школе № 22. У першай палове 2000-х гадоў быў актывістам моладзевага руху “Зубр”. Менавіта ў той час палітычная актыўнасьць хлопца стала прычынай пастаяннай увагі да яго з боку міліцыі. Акрамя таго, пацярпелі блізкія людзі: з-за сына ягонай маці Галіне Андрэеўне не працягнулі кантракт на працы. Тады Саша перайшоў вучыцца ў вечаровую школу і пайшоў на курсы муляраў, каб карміць сям’ю. Пазьней ён паступіў у Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут у Менску, аднак за час зьняволеньня ў 2010-2011 гг. з ВНУ яго адлічылі.

Храналёгія перасьледу

Першы раз быў затрыманы па крымінальнай справе за Плошчу-2010 у сябе дома ў Барысаве 6 студзеня 2011 г. Аляксандру былі прад’яўленыя два абвінавачаньні па справе аб масавых беспарадках: ва ўдзеле ў іх, а таксама ў зьнявазе падчас акцыі дзяржаўных сымбаляў. Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

2 сакавіка 2011 г. асуджаны ў Фрунзенскім судзе Менску на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 15 г. Магілёву, адкуль быў вызвалены 14 верасьня 2011 г. на падставе памілаваньня Лукашэнкам у ліку іншых палітычных вязьняў.

Аднак неўзабаве супраць Аляксандра была заведзеная другая крымінальная справа. У лістападзе 2011 г. ён быў арыштаваны другі раз у Барысаве і зьмешчаны пад варту ў ІЧУ. Гэтым разам апазыцыянера абвінавацілі ў крадзяжы мэталалому разам з групай асобаў. Аляксандар ня мог уладкавацца на працу, бо яго нікуды не бралі пасьля палітычнага суду, і ён зарабляў на жыцьцё сабе і бацькам-пенсыянерам зборам мэталалому. Ён кажа, што на тэрыторыю завода, якая не ахоўвалася, жыхары горада звычайна заходзілі па мэталічныя адкіды вытворчасьці.

Другая крымінальная справа (супраць Аляксандра Малчанава і іншага жыхара Барысава — Андрэя Мікалаеўскага) была заведзеная па падазрэньні ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў, зьдзейсьненае яшчэ 26 кастрычніка 2010 г. У сярэдзіне лютага 2012 г. тое абвінавачваньне з хлопцаў было зьнятае, справа закрытая, але 29 лютага стала вядома, што пастанова аб гэтым ужо адмененая. Знаходзіўся ў Жодзінскім сьледчым ізалятары.

9 красавіка 2012 г. асуджаны  на 1 год 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбыў тэрмін і быў вызвалены 13 ліпеня 2013 года. Частка правабаронцаў не лічыць другую крымінальную справу палітычна матываванай.