Ірына Халіп

Вядомая беларуская журналістка. Нарадзілася 12 лістапада 1967 г. у Менску. Уласны карэспандэнт расейскай “Новой газеты” па Беларусі. Працавала намесьніцай галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” і галоўным рэдактарам штотыднёвіка “Имя”, якія спынілі выхад. Неаднаразова падвяргалася крымінальнаму перасьледу за сваю прафэсійную дзейнасьць, атрымлівала папярэджаньні ад пракуратуры.

У красавіку 1997 году разам з бацькам, драматургам і кінадакумэнталістам Уладзімерам Халіпам, была жорстка зьбітая ў часе вулічнага мітынгу 2 красавіка. У канцы 2009 году ёй пагражалі забойствам невядомыя.

Ляўрэатка прэміі Дзьмітрыя Завадзкага (2003 г.), прэміі Хэнры Нанэна (2005 г.), прэміі “Герой Эўропы” ў намінацыі “Мужнае сэрца” (2005 г.), прэміі “За мужнасьць у журналістыцы” (2009 г.).

Жонка палітыка Андрэя Саньнікава, які таксама быў абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках і асуджаны. Унучка вядомага беларускага кампазытара Юрыя Бяльзацкага.

Храналёгія перасьледу

19 сьнежня 2010 году, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, падверглася сілавому затрыманьню па дарозе з плошчы Незалежнасьці і была зьмешчаная ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня 2010 г. Ірыне было прад’яўленае абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга рассьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Падчас знаходжаньня Ірыны ў СІЗА КДБ яе сям’я зазнала выключны ціск. Улады спрабавалі забраць зь сям’і ў дзіцячы дом  трохгадовага сына журналісткі — Даніка Саньнікава.

29 студзеня 2011 г. мера стрыманьня зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе з хатнім арыштам.

У лютым 2011 г., ужо пад арыштам, Ірына Халіп атрымала журналісцкую прэмію “Залатое пяро Расеі”.

4 красавіка 2011 г. абвінавачаньне было перакваліфікаванае на арт. 342 (дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

16 траўня 2011 г. у судзе Заводскага раёну Менску Ірына была асуджаная на 2 гады зьняволеньня з 2-гадовай адтэрміноўкай.

19 ліпеня 2013 г. судом Партызанскага раёну пакараньне зь Ірыны Халіп было зьнятае.