Ірына Халіп: І бетонную агароджу можна прабіць…

Ірына Халіп распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як прайшоў для яе першы этап выбарчай парламенцкай кампаніі, пра песімізм людзей і падзеі 2010 году.

“У 2010 годзе, калі народ выйшаў на плошчу ў знак нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, людзі былі куды смялейшыя, і многія верылі, што перамены ў хуткім часе будуць, – кажа суразмоўца. – Але дзевяць гадоў прайшло, і я насамрэч убачыла, што гэтая вера практычна страчана…”

Журналістка “Новай газеты” і былы палітвязень Ірына Халіп прыняла рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах-2019. Яна балатуецца ў Мінску па Партызанскай акрузе №110.

Нагадаем, што Ірына Халіп – жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. У маі 2011 года яна была прызнаная вінаватай быццам бы ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асуджана на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

Ірына не мела права пакідаць Мінск, абавязана была кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00.

– Збор подпісаў – гэта быў вельмі цікавы этап, – кажа Ірына Халіп. – Калі стаіш у пікетах ці ходзіш па кватэрах, калі размаўляеш са звычайнымі людзьмі, то атрымліваеш абсалютна новы вопыт і прадстаўленне пра тое, што адбываецца наўкол. Пра тое, што хвалюе людзей, і чаго яны баяцца.

Пры гэтым я сутыкнулася і з некаторымі незразумелымі рэчамі. Убачыла, што практычна ўсе хочуць перамен, але многія вельмі запалоханы і прыгнечаны. Яны хочуць зменаў, але не вераць у тое, што гэта можа адбыцца. Кажуць так: “Усе вашыя высілкі і барацьба – бессэнсоўныя, бо пры нашым жыцці ў гэтай краіне нічога не зменіцца. І пры жыцці наступных пакаленняў таксама нічога не зменіцца”.

Таму я ўбачыла: праблема не толькі ў рэжыме, але і ў тым, што людзі гатовыя з ім змірыцца. І вельмі многія з гэтым ужо змірыліся. Многія хочуць жыць, атрымліваючы ад жыцця максімум камфорта. Пры гэтым не жадаюць ні ў ва што ўмешвацца, і ні ў якім разе не казаць пра тое, пра што думаюць. Вось гэта для мяне было некалькі нечакана.

– Можа народ разачараваўся і ва ўладзе, і ў апазіцыі, а таму людзі вырашылі схавацца за плотам уласных праблем?

– У 2010 годзе, калі народ выйшаў на плошчу ў знак нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, людзі былі куды смялейшыя, і многія верылі, што перамены ў хуткім часе будуць. Але дзевяць гадоў прайшло, і я насамрэч убачыла, што гэтая вера практычна страчана.

Гэта прыводзіць да думкі, што трэба працаваць яшчэ больш актыўна. Трэба з людзьмі размаўляць, тлумачыць, што і ад нас залежыць многае. І разам мы можам дасягнуць перамен. Нічога не зменіцца, калі проста будуць сядзець на канапе і маўчаць. Было шмат выпадкаў, калі перамагаў той, хто прабіваў і бетонную агароджу, хаця ніхто ў гэта не верыў. Нехта верыў, штог калі-небудзь разваліцца Савецкі Саюз? Але ж ён разваліўся.

Дзеля гэтага мы і прымаем удзел у парламенцкай кампаніі – тлумачыць, размаўляць з людзьмі. А наперадзе яшчэ і прэзідэнцкая кампанія.

– Колькі вы сабралі подпісаў?

– Прыкладна паўтары тысячы, хаця для рэгістрацыі неабходна тысяча. Але здалі толькі 1200 падпісных лістоў, бо сумніўныя на ўсялякі выпадак адкінулі, каб не даць магчымасці дачапіцца.

– Пазнавалі людзі, калі вы, напрыклад, хадзілі па кватэрах? Можа быць, прыгадвалі падзеі 2010 году?

– Калі казаць пра пазнавальнасць, то пяцьдзесят працэнтаў ведалі, хто я такая, а астатняя палова ніколі не чула.

Прыгадваецца выпадак, калі зайшла ў нейкую кватэру, а там – сталая жанчына-пенсіянерка. Бачу, што ў яе шафе за шклом – перадвыбарная лістоўка майго мужа, які быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2010 годзе. Яна за яго галасавала, добра ведае пра падзеі тых часоў. І, ведаеце, мы з ёй абняліся, як родныя. Было адчуванне, што ты прыйшоў у госці да блізкага чалавека.

Увогуле, нехта ставіў свае подпісы, нехта адмаўляўся. І адмаўляліся менавіта тыя, якія кажуць: “Ад нас нічога не залежыць…”

palitviazni.info

Фота: nn.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Кудзінаў
  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Яўген Сакрэт
  • Павал Мажэйка