Сяргей Каваленка: Ні аб чым не шкадую…

10373847_652503948209526_5913918683215955188_nСем гадоў прайшло з таго часу, як віцебскі актывіст Сяргей Каваленка узняў на цэнтральнай навагодняй ёлцы ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг. І гэта быў учынак!

“Сёння я ні аб чым не шкадую, – распавядае сайту palitviazni.info Сяргей Каваленка. – Тая справа, якую я зрабіў, мяркую, была не дарэмная”.

“Палітыкай я заўсёды цікавіўся, але больш актыўна стаў прымаць удзел у розных мерапрыемствах акурат напярэдадні сваёй акцыі 7 студзеня 2010 году, – распавядае Сяргей. – Развешвалі сцягі на вуліцах і дамах, праводзілі так званую вулічную палітыку. І ведаеце, нас ужо амаль не чапалі. Так прывучылі. А тут, відаць, калі ўзняў сцяг у цэнтры горада, вельмі перапалохаліся. А рыхтаваўся да акцыі звычайна. Пашыў сцяг і купіў вудачку замест дрэўка. Вырашыў выбраць дзень, калі на плошчы будзе найбольш людзей. Хацеў, каб гэта была моцная і гучная акцыя. Каб пайшоў розгалас. Я планаваў такую палітычную акцыю, каб увесь Віцебск пра гэта гаварыў. Трэба навучыць людзей любіць свой горад, вучыць любові да нацыі, да сваёй гісторыі. Хіба гэта нармальна, што ў нас ёсць вуліца Суворава, які ў свой час быў катам беларускага народа? А людзі павінны выходзіць на свае, беларускія вуліцы. Павінны ведаць свой гістарычна-нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, які я і ўзняў на гарадской плошчы. Белая паласа — ад Бога прыйшлі. Чырвоная — чырвона пражыць трэба. І яшчэ адна белая — назад да Бога ідзём. Гэта наш хрысціянскі сцяг”.

“Калі міліцыянеры ачапілі ўсю елку, я спакойна спусціўся ўніз, дзе мяне ўжо чакалі, – успамінаў актывіст. – Білі, абражалі… Калі білі, я маліўся. Мне не балюча было — ведаў, за што трываю. А ў вачах міліцыянераў — такая нянавісць! Я тады павярнуўся да людзей са словамі: “Жыве Беларусь!” Пасля мне сказалі, што 180 міліцыянераў сабралі ў горадзе. Напэўна, каб са мной змагацца. У іх дрыжэлі рукі, я бачыў гэта. Пакуль везлі ў аддзяленне, пагутарыў нават з вельмі высокім міліцэйскім начальнікам, які, дарэчы, загадаў на падлогу мяне не класці. Ён мне расказваў, як служыў у Расіі, я яму — як служу беларускаму народу. Казаў, што нам трэба ўзняць самасвядомасць нацыі. Трэба быць салдатам сваёй Радзімы. Таму я нават не прасіў, каб з мяне знялі кайданкі. Хоць заціснулі да болю. Рукі анямелі і перасталі балець.

А ў СІЗА, калі даведаліся, што я здзейсніў, сустракалі як героя. Дапамагалі прыбіраць камеру, калі адміністрацыя прымушала. А мне міліцыянеры сказалі, што не разумеюць беларускай мовы. Ды што ж мы такая за нацыя, калі роднай мовы не ведаем?! Я ім сказаў: “Беларусь — гэта мая Радзіма, мой дом, і я ў сябе дома. А вось дзе вы знаходзіцеся?”

За той учынак Сяргею Каваленку далі тры гады ўмоўна. У 2012 годзе ён атрымаў два гады і адзін месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбывання пакарання. Каваленка вытрымаў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў. Пазней Сяргей напісаў прашэнне аб памілаванні, пасля чаго быў вызвалены.

У 2013 годзе актывіст паступіў вучыцца па праграме Каліноўскага ва Універсітэт прыродазнаўчых і гуманітарных навук, што знаходзіцца ў польскім горадзе Седльцэ. Навучаўся па спецыяльнасці “кіраванне эканомікай”, але каля года таму ўзяў акадэмічны адпачынак. Зараз працуе ў Варшаве будаўніком.

«Я і да гэтага часу ганаруся тым учынкам, калі ўзняў наш нацыянальна-гістарычны сцяг вышэй за камуністычную зорку. Хацеў паказаць беларусам, што нам патрэбна незалежная сімволіка, а не савецкая, што мы нацыя, – кажа Каваленка. – Ні аб чым не шкадую… Неяк казаў, што бел-чырвона-белы сцяг, які ўзняў сем гадоў таму, – гэта ўчынак, можа быць, і не геройскі, але, думаю, ён даў пэўны эфект. У апошні час многія сталі больш цікавіцца сваёй мовай, гісторыяй, сімволікай. Мяркую, у гэтым ёсць частка і маёй працы”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні