Сяргей Каваленка: У беларускіх турмах можа быць усё

Апазіцыянер пацвярджае, што на палітвязняў у турмах ціснуць самым жорсткім чынам.

Сяргей Каваленка сёння ўвесь дзень раздае інтэрв’ю. Ён шчаслівы, што апынуўся, нарэшце, з жонкай, сынам і дачкой. Але не ўпэўнены, што вызвалены надоўга.

У інтэрв’ю charter97.org былы палітвязень сказаў, што разумее, што яго вызваленне – гульня ўлад. «Яны вырашылі, што папалохалі мяне дастаткова, і цяпер я супакоюся. Але я, вядома, не супакоюся. Буду прапагандаваць нашы нацыянальныя сімвалы і далей», – кажа Каваленка.

Самым цяжкім часам у зняволенні, паводле яго слоў, быў час галадоўкі. «Яшчэ ў віцебскім СІЗА спецыяльна навучаныя псіхіятры спрабавалі запэўніць мяне, што я вар’ят і галадаю, таму што хачу схуднець. Я казаў, што гэта палітычная галадоўка, выкліканая бязмежжам і подласцю ўлад. Мяне вазілі ў Менск у СІЗА на Валадарскага, у шпіталь ў Навінках і ўсюды такім чынам «апрацоўвалі», – кажа Каваленка.

У Магілёўскай калоніі ў дачыненні да Каваленкі пастаянна ажыццяўляліся правакацыі. «Спрабавалі панізіць мой аўтарытэт сярод іншых зняволеных. Мне давялося абараняцца. У выніку я трапіў у ШЫЗА. Умовы там былі цяжкія. Там да мяне ўвесь час прыходзілі, прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні. Ціснулі, у асноўным, на любоў да дзяцей. Казалі, ну вось, зможаш іх убачыць хутка… Яны ўмеюць гэта рабіць», – кажа Каваленка.

Кіраўніцтва калоніі, па словах былога палітвязня, робіць усё, каб палітычныя вязні трапілі ў лік «злосных парушальнікаў» для таго, каб былі падставы зрабіць больш жорсткім у дачыненні да іх рэжым або падоўжыць тэрмін зняволення.

«То гузік не зашпіліў, то не там лёг, то не там сеў, то на тры хвіліны пазней прачнуўся. Прыдзіраюцца, каб павесіць «злоснага парушальніка» і зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання», – кажа Сяргей.

Апазіцыянер пракаментаваў таксама інфармацыю пра тое, што лідэру «Маладога Фронту» Зміцеру Дашкевічу пагражаюць у турме згвалтаваннем. «Я веру ў тое, што гэта праўда. У беларускіх турмах можа быць усё. Але Дашкевіч моцны. Упэўнены, што ён вытрымае», – сказаў Каваленка.

Іншыя палітычныя вязьні