Сяргей Каваленка- вызвалены!

У сераду ўвечары актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў вызвалены з Магілёўскай калёніі і ўначы прыехаў дадому ў Віцебск.

Вызваленьне Сяргея пацьвердзіла ягоная маці, спадарыня Лідзія, якой мы датэлефанаваліся а 6-ай раніцы. Паводле словаў маці, пасьля вызваленьня Сяргей і ягоная жонка Алена прыехалі да яе. Паўночы Сяргей распавядаў, быў стомлены.

Падрабязнасьці – пазьней у нашым эфіры і на сайце Свабоды.

Як мы раней паведамлялі, у чэрвені Сяргей Каваленка падпісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Паводле вязьня, гэта адбылося пасьля шматлікіх размоваў з супрацоўнікамі адміністрацыі і ціску, які выявіўся ў прычэпках і спагнаньнях, у тым ліку ў пакараньні карцэрам. «У прашэньні Сяргей выклаў толькі просьбу яго памілаваць, больш нічога. Відаць, такі тэкст некага наверсе не задаволіў, і ад яго сталі патрабаваць прызнаньня віны. А калі Сяргей адмовіўся, зноў кінулі ў карцэр», — патлумачыла Радыё Свабода Алена Каваленка.

Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка адбываў год і месяц зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця «хатняй хіміі», якую атрымаў пасьля вывешваньня нацыянальнага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. Трымалі яго ў ў Магілёўскай калёніі.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ірына Халіп
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Уладзімер Някляеў
  • Зьміцер Касьпяровіч