Аляксандар Зьдзьвіжкоў — беларускі журналіст. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў ГДР, у сям’і вайскоўцаў. У 1981 годзе скончыў Менскі інстытут замежных моваў па спэцыяльнасьці “гішпанская мова”. Да службы ў войску працаваў настаўнікам гішпанскай мовы ў барысаўскай сярэдняй школе. У 1985-88 гг. служыў у памежных войсках. З 1990 году супрацоўнічаў з выданьнямі “Советская Белоруссия”, “Народная газета”, быў аглядальнікам газэты “Фемида”. З 1995 па 2006 гады – аглядальнік, выпускаючы рэдактар газэты “Згода”.
17 лютага 2006 г. выйшаў чарговы нумар газэты “Згода” з артыкулам “Палітычны крэатыў”. У ім распавядалася пра тое, які рэзананс у сьвеце выклікала публікацыя ў СМІ карыкатураў на прарока Мухамэда. А для ілюстрацыі прыводзіліся некаторыя з гэтых карыкатураў. Наклад яшчэ нават не пачалі распаўсюджваць. Але 21 лютага 2006 году МЗС Беларусі выступіў з заявай з нагоды публікацыі: “Міністэрства замежных справаў рашуча асуджае любыя наўмысныя дзеяньні, якія могуць пацягнуць распальваньне міжрэлігійнай варожасьці, распаўсюд… недаверу паміж нацыянальнымі і рэлігійнымі супольнасьцямі, якія жывуць у Беларусі”.
Храналёгія перасьледу
Раніцай 22 лютага з санкцыі намесьніка Генеральнага пракурора супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у памяшканьні рэдакцыі “Згоды”, канфіскавалі сістэмныя блёкі кампутараў і іншыя носьбіты інфармацыі, некаторыя нумары газэты і фінансавыя дакумэнты выданьня. Заснавальнік “Згоды” Аляксей Кароль і Аляксандар Зьдзьвіжкоў былі дапытаныя КДБ. У кватэры Караля таксама быў праведзены ператрус.
У той жа дзень была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 КК РБ (распальваньне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасьці). 23 лютага Пракуратура РБ накіравала ў Міністэрства інфармацыі “прадстаўленьне” з просьбай зрабіць захады па прыпыненьні альбо спыненьні дзейнасьці недзяржаўнай газэты “Згода”. У той жа дзень Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне “Згодзе” па арт. 5 Закону “Аб друку і іншых СМІ” за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамэда. Гэта было другое цягам году папярэджаньне за парушэньне арт. 5 (першае пісьмовае папярэджаньне было вынесенае 9 лістапада). І ўжо 6 сакавіка Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы гаспадарчы суд зыск аб спыненьні дзейнасьці газэты “Згода”. Праз дзесяць дзён, 17 сакавіка, судзьдзя Аксана Міхнюк задаволіла зыск Міністэрства інфармацыі, хаця да гэтага часу яшчэ ня скончыўся тэрмін, адведзены законам на абскарджваньне другога па ліку папярэджаньня.
Хутка Пракуратура прад’явіла абвінавачаньне выпускаючаму рэдактару газэты “Згода” Аляксандру Зьдзьвіжкову па крымінальнай справе аб перадруку карыкатураў. Аднак справа была прыпынена амаль на паўтара года ў сувязі з тым, што сьледчым органам не ўдалося высьветліць месцазнаходжаньне абвінавачанага. Высьветлілася, што журналіст зьехаў з краіны. Сьледчыя органы пачалі яго пошук. На допыты ў КДБ і пракуратуру выклікалі сяброў і калегаў Зьдзьвіжкова. Высьветлілася, што журналіст зьехаў у Расею.
18 лістапада 2007 году Аляксандра Зьдзьвіжкова затрымалі на вакзале ў Барысаве, куды ён прыехаў да маці на гадавіну сьмерці бацькі. Яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Ніхто з грамадзкасьці ня ведаў пра ягоны арышт, пакуль 30 сьнежня калегі Аляксандра не атрымалі позвы ў суд. За некалькі месяцаў утрыманьня пад вартай Аляксандар на 30 адсоткаў страціў зрок.
З пракуратуры ў суд справа прыйшла з перакваліфікацыяй: з адносна мяккай ч. 1 артыкулу 130 (ад штрафу да 5 гадоў абмежаваньня волі, ці зьняволеньня) на частку 2 – ад 3 да 10 гадоў зьняволеньня.
18 студзеня 2008 году Аляксандар Зьдзьвіжкоў быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 2 арт. 130 КК РБ (наўмысныя дзеяньні, скіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці ці розьні, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, зьдзейсьненыя службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх паўнамоцтваў).
Такое рашэньне прыняў судзьдзя Менскага гарадзкога суду Руслан Аніськевіч, скончыўшы разгляд за зачыненымі дзьвярыма крымінальнай справы, якая цягнулася амаль два гады ў дачыненьні да выпускаючага рэдактара газэты “Згода”.
Гэта быў самы жорсткі прысуд, які быў вынесены за гэтыя карыкатуры.
Карыкатуры на прарока Мухамеда былі ўпершыню надрукаваныя ў дацкай газэце Jyllands-Posten 30 верасьня 2005 г. Агулам перадрукаваны ў 22 краінах. Мусульманскія суполкі ў Эўропе падавалі на выданьні судовыя зыскі ў сувязі з тым, што карыкатуры “абразілі іх рэлігійныя пачуцьці”. Аднак суды выносілі апраўдальныя прысуды, бо “малюнкі абараняюцца законам аб свабодзе самавыяўленьня і не наносяць шкоду ісламу”. Прэцэдэнтам стала толькі звальненьне рэдактара газэты “Франс Суар” зь ініцыятывы наймальніка. Дацкі суд не прыняў да разгляду зыск (аб распальваньні нацыянальнай, расавай і рэлігійнай варожасьці) па факце публікацыі карыкатураў. У Малайзіі ў лютым 2006 году быў толькі часова прыпынены выхад трох газэтаў, якія надрукавалі карыкатуры, але празь некаторы час газэты аднавілі сваю працу.
У Расеі ў 2006 годзе у Валгаградзе закрылі газэту “Городские вести”. Крымінальная справа не ўзбуджалася. У Валагодзкай вобласьці суд цалкам апраўдаў Ганну Сьмірнову, галоўнага рэдактара газэты “Наш регион”, якая надрукавала карыкатуры. Мусульманскія абшчыны ва Ўкраіне на пачатку 2006 г. запатрабавалі прабачэньня (і ня больш) ад рэдакцыі газэты “Сегодня” за публікацыю некалькіх карыкатураў у якасьці ілюстрацыяў да артыкулу “Трэцюю сусьветную вайну выклікаюць карыкатуры”. Самымі жорсткімі былі прысуды ў мусульманскіх краінах Ярданіі і Емэне. Да двух месяцаў турмы былі асуджаныя журналісты ў Ярданіі, аднак іх адпусьцілі пад заклад. Галоўны рэдактар емэнскай газэты Al-Rai Al-Aam (“Грамадзкая думка”) Камаль аль-Альфі быў асуджаны на год турэмнага зьняволеньня, але Генэральны пракурор адмяніў гэтае рашэньне як занадта жорсткае.
Пасьля вызваленьня А. Зьдзьвіжкоў пакінуў Беларусь. “Я не жадаю быць грамадзянінам ГЭТАЙ Рэспублікі Беларусь, у якой ёсьць менавіта ГЭТЫЯ суды, менавіта ГЭТАЯ пракуратура і менавіта ГЭТЫЯ турмы. Я цудоўна ўсьведамляю, што дагэтуль не знаходжуся ў бясьпецы, і спакойна ўздыхну, толькі калі пакіну межы Рэспублікі Беларусь”, — паведаміў ён калегам 25 лютага 2008 году на першай пасьля вызваленьня прэс-канфэрэнцыі ў офісе ГА “БАЖ”.