
Вадзім Лабковіч нарадзіўся ў 1981 г. у Менску. З 1996 г. браў удзел у акцыях “Маладога Фронту”, пасьля пакінуў арганізацыю з прычыны рознагалосьсяў з тагачасным кіраўніцтвам.
Супрацоўнічаў з прэсавай службай Партыі БНФ. Цяпер бярэ ўдзел у апазыцыйных акцыях выбарачна. Працуе ў фірме па вырабе мэблі, завочна вучыцца ў эканамічным унівэрсытэце.
Першы непаўнагадовы беларускі палітвязень: прадстаў перад судом, калі яму не было і 16 гадоў.
Храналёгія перасьледу
Вадзім Лабковіч быў арыштаваны ў Стоўбцах 25 жніўня 1997 г. за графіці палітычнага зьместу. Яму патэлефанавала знаёмая Аляксея Шыдлоўскага і папрасіла прыехаць з Менску ў Стоўбцы (сам Шыдлоўскі ўжо быў за кратамі). Правёў у зьняволеньні болей за паўгоду. Пасьля Стаўбцоўскага ізалятару часовага ўтрыманьня Вадзім быў пад вартай у менскай “Валадарцы” і ў Жодзінскім СІЗА.
24 лютага 1998 г. у Менскім гарадзкім судзе быў абвешчаны прысуд — паўтара году зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады. Вадзіма адразу вызвалілі ў зале суду.
Зараз працуе і вучыцца, судзімасьць была зь яго зьнятая паводле амністыі.