Юлія Чыгір

Юлія Чыгір — жонка палітвязьня Міхаіла Чыгіра, былога прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, і маці Аляксандра Чыгіра, таксама асуджанага па справе, зьвязанай з палітыкай.

Юрыст паводле адукацыі, Юлія Чыгір абараняла ў судзе свайго мужа.

Храналёгія перасьледу

У 2000 годзе Фрунзенскі суд Менску прызнаў Юлію Чыгір вінаватай па ч. 2 арт. 363 КК РБ — “супраціў міліцыі”. Гаворка ішла пра інцыдэнт 19 траўня 2000 году перад абвяшчэньнем прысуду яе мужу — Міхаілу Чыгіру. У той дзень на ганку Менскага гарадзкога суду, дзе ішоў працэс па справе экс-кіраўніка ўраду, ланцуг амапаўцаў не пускаў у будынак дзясяткі людзей, якія прыйшлі выказаць М. Чыгіру і ягоным блізкім маральную падтрымку. Сваякоў не прапускалі таксама.  Некалькі чалавек былі затрыманыя за спробы прайсьці на працэс.

Падчас адной са спробаў прарвацца ў будынак суду ўзьнікла цісканіна, з-за якой некалькі жанчын атрымалі траўмы. Юлія Чыгір была моцна схопленая за руку міліцыянтам, які выцягнуў яе з натоўпу людзей. Як заявіла Юлія Станіславаўна на прэс-канфэрэнцыі 17 ліпеня 2000 г. напярэдадні свайго выкліку ў пракуратуру, прычынены боль быў настолькі моцны, што яна машынальна ўкусіла чалавека, які балюча пацягнуў яе за руку. Дарэчы, на руцэ засталіся шматлікія крывападцёкі.

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд Юліі Чыгір — два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на адзін год. Суд адмовіўся прагледзець відэакасэту падзеяў 19 траўня 2000 году і не пажадаў праслухоўваць аўдыёзапіс працэсу ў Фрунзенскім судзе, які прызнаў Ю. Чыгір вінаватай. Юлія Чыгір заявіла пасьля вынясеньня рашэньня, што яно дэманструе адсутнасьць справядлівасьці ў нашай краіне, і пацьвердзіла палітычную матывіроўку перасьледу яе і ўсёй сям’і Чыгіроў.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Някляеў
  • Рыгор Кійко
  • Васіль Парфянкоў
  • Юрый Хадыка