Рыгор Кійко

Рыгор Кійко — мастак, вэтэран БНФ, адзін зь ініцыятараў стварэньня мэмарыялу ў Курапатах. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1951 г. у вёсцы Цалуйкава Луганскай вобласьці Ўкраіны ў настаўніцкай сям’і. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. У 1980 г. Рыгор скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спэцыяльнасьці мастак-кераміст. Сябра Беларускага саюзу мастакоў, удзельнічае ў працы суполкі “Пагоня”. У Беларускім Народным Фронце ад моманту ўтварэньня руху і партыі. Пасьля расколу БНФ у 1999 г. — сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Удзельнік шматлікіх вулічных акцыяў. Займаецца творчай і выкладчыцкай працай.

Рыгор Кійко памёр 3 кастрычніка 2014 году ад анкалягічнай хваробы.

Храналёгія перасьледу

Неаднойчы затрымліваўся міліцыяй. Увесну 1996 г. Рыгор Кійко быў асуджаны да васьмі сутак зьняволеньня за ўдзел у пікеце ў падтрымку ўкраінскіх сяброў, затрыманых у Менску падчас Чарнобыльскага шляху.

1 красавіка 1997 г. Рыгор Кійко быў зьняволены і абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяньнях падчас сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка, якое вылілася ў той дзень у сутычкі зь міліцыяй. Тады ж быў арыштаваны яшчэ адзін удзельнік тых падзеяў — Алесь Бондараў. Агулам па “справе Дня Волі-97” праходзілі ў якасьці абвінавачаных 5 чалавек.

Утрымліваўся ў менскім СІЗА на вул. Валадарскага тры месяцы, у ліпені 1997 г. быў адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі з прымусовымі працамі. Адбываў пакараньне ў Зэмбінскай спэцкамэндатуры. 26 студзеня 1999 году выйшаў на волю. Працягваў палітычную дзейнасьць. На Дзень Волі ў 2000 годзе быў жорстка затрыманы ў цэнтры Менску разам з жонкай і адной з дачок. У 2001 г. быў удзельнікам лягеру абароны Курапатаў ад спробаў зьнесьці мэмарыял і правесьці праз паліты крывёю лес аўтадарогу.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні