Памёр адзін зь першых палітвязьняў, мастак Рыгор Кійко

Былы палітвязень Рыгор Кійко памёр 3 кастрычніка ў 10 клінічнай больніцы ад анкалягічнай хваробы. Пра сьмерць мастака паведаміла грамадзкая актывістка Галіна Сіўчык.

Спадар Рыгор быў сябрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, чалавекам гераічным, мужным і адданым сваёй Радзіме, апавядае намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

«Ён этнічны ўкраінец, але дай Бог, каб нашы беларусы былі такімі беларусамі, як быў Рыгор. Чалавек таленту, мастак, але ішоў наперадзе нашага змаганьня. Цярпеў за гэта, супраць яго былі рэпрэсіі. Яго зьбівалі ў Курапатах, я не выключаю, што хвароба, якая здарылася зь ім, магла быць справакавана тым зьбіцьцём. Я памятаю, ён зьняў кашулю і паказаў: у яго ўсё цела было ў гэтых сіняках. Пасьля гэтага ж ён не спыніў сваю працу дзеля Бацькаўшчыны ні на кропку. Гэта было рэдкае спалучэньне: чалавек з аднаго боку цьвёрды, мужны, а ў той жа час таленавіты і мяккі, добразычлівы, сяброўскі з калегамі. І апошнія дні, маючы гэту хваробу, ён нават не хацеў рабіць нейкі клопат нам, сябрам: маўляў, мая праблема і буду зь ёй мужна змагацца. І змагаўся да канца сам-насам».

«Дзядзька Рыгор — гэта быў адзін з тых сапраўдных фронтаўцаў, у каго маладафронтаўцы папросту вучыліся, — кажа сустаршыня БХД Павал Севярынец. — Ён адзін зь першых беларускіх палітвязьняў. У 1997 годзе ён падчас Дня Волі адбіваў бел-чырвона-белы сьцяг у міліцыі. Міліцыя выхоплівала сьцягі, ламала іх, кідала на дарогу. Ён адбіваў бел-чырвона-белы сьцяг і за гэта быў затрыманы разам зь некалькімі ўдзельнікамі, пасьля сядзеў тры месяцы ў „Валадарцы“ і адбыў два гады „хіміі“.

У Курапатах ён бясстрашна ішоў з голымі рукамі на АМАП, калі спрабавалі ламаць крыжы

У Курапатах ён таксама проста бясстрашна ішоў з голымі рукамі на АМАП, калі спрабавалі ламаць крыжы і будаваць кальцавую дарогу праз Курапаты. Ён быў адзін з тых, хто абараняў сабой гэтыя крыжы, і яго там вельмі моцна зьбілі, ён трапіў у шпіталь пасьля гэтага.

У Беларусі такія людзі — рэдкасьць. Апроч гэтага, ён цудоўны мастак-кераміст, апроч гэтага, ён выхаваў дзьвюх выдатных, таленавітых дачок, выпускніцаў Акадэміі мастацтваў. І гэта адзін з тых людзей, на якіх беларускі рух трымаецца, адзін з тых людзей, хто дае прыклад.

Я як вернік веру, што Рыгору Іванавічу цяпер лепей, чым было тут на зямлі, бо ён вельмі мучыўся, бо ў яго была такая хвароба, анкалёгія — гэта пакутлівая рэч. Я веру, што ў тым сьвеце яму лепей, чым было ў гэтым».

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца згадвае, што бачыўся з Рыгорам Кійко тыдзень таму.

«Ён ужо быў моцна хворы. На вялікі жаль, гэтая хвароба цягнулася ўжо амаль два гады. Ён як мог, гэтак зь ёй змагаўся. А ў жыцьці быў вельмі сумленны, вельмі харошы чалавек. Мы зналіся зь ім са студэнцтва. Рыгор быў заўсёды прыхільнікам беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў і сьвятыняў і ўсяляк, як мог, гэтым сьвятыням служыў. Нездарма ён быў у складзе суполкі „Пагоня“ Беларускага саюзу мастакоў, якая і вызнае гэтыя каштоўнасьці. Апроч усяго, ён вельмі быў актыўны як грамадзянін, і за сваю грамадзянскую пазыцыю ён у свой час пацярпеў і зазнаў перасьлед, у тым ліку і судовы. Але ён годна праз усё гэта прайшоў і заўсёды заставаўся вельмі шчырым, сумленным і сьветлым чалавекам, мастаком і настаўнікам. Ён шмат выкладаў ва Ўнівэрсытэце культуры, яго вельмі паважалі. І таму, канечне, гэта яшчэ адна страта і харошага чалавека, і мастака, і шчырага беларуса».

Рыгор Кійко ў Курапатах

Рыгор Кійко ў Курапатах

Рыгор Кійко нарадзіўся 27 чэрвеня 1951 году ў вёсцы Цалуйкава Луганскай вобласьці ва Ўкраіне. Пазьней сям’я пераехала ў Бабруйск. Кійко скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Быў мастаком-керамістам, уваходзіў у суполку «Пагоня».

У Беларускім Народным Фронце ад моманту ўтварэньня руху і партыі. Пасьля расколу БНФ у 1999 годзе — сябра КХП-БНФ.

Першы раз Рыгор Кійко быў зьняволены ўвесну 1996 году. Яго затрымалі празь некалькі дзён пасьля Чарнобыльскага шляху падчас пікету ў падтрымку затрыманых на акцыі ўкраінцаў. Пікет быў жорстка разагнаны. Рыгор Кійко атрымаў цялесныя пашкоджаньні. Яго асудзілі на 8 сутак.

23 сакавіка 1997 году Рыгора Кійко затрымалі падчас сьвяткаваньня Дня Волі, абвінавацілі ў хуліганстве і тры месяцы трымалі ў турме на Валадарскага. У выніку ён атрымаў два гады «хіміі».

У 2001 годзе Рыгор Кійко ўдзельнічаў у акцыях па абароне Курапатаў супраць пашырэньня Менскай кальцавой дарогі.

8 лістапада 2001 году падчас нападу спэцназаўцаў на лягер абаронцаў Курапатаў Рыгор Кійко быў моцна зьбіты.

Разьвітаньне зь Рыгорам Кійком адбудзецца ў панядзелак 6 кастрычніка.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ільля Васілевіч
  • Аляксандар Фядута
  • Арцём Брэўс