Былы палітвязень Мікола Дзядок пракаментаваў першы дзень працэса над актывістам Зміцерам Паліенкам.
“Гэта першы выпадак, калі пад ціскам грамадскасці суд з закрытага зрабілі адкрытым”, – адзначае Мікола Дзядок.
Нагадаем, што 17 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы сацыяльнага актывіста Зміцера Паліенкі.
Актывіста абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 –абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.
У дзень пачатку працэса стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.
“Гэты суд моцна выдзяляецца на фоне ўсіх астатніх судоў над палітвязнямі ў Беларусі, – напісаў Мікола Дзядок на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Па-першае, гэта, калі я не памыляюся, першы выпадак, калі палітзэк ускрывае сабе вены прама ў судовай зале.
Па-другое – гэта першы выпадак, калі пад ціскам грамадскасці працэс з закрытага зрабілі адкрытым. Для гэтага суддзі спатрэбілася ўсяго некалькі хвілін”.
На думку Міколы Дзядка, змена рэжыму суда – заваяванне Зміцера і ўсіх, хто прыйшоў яго падтрымаць.
“Што датычна акалічнасцяў справы, то відавочна, што алкаголіка, якому Зміцер, нібыта, пшыкнуў у твар, някепска апрацаваў ГУБАЗіК, але зараз гэты кадр, відаць, хоча даць заднюю – адмаўляецца ад ранейшых паказанняў, – працягвае ён. – Прачнулася сумленне?”
Мікола Дзядок адзначае, што той факт, што Зміцеру знялі палітычныя артыкулы, пакінуўшы толькі самы цяжкі – «хуліганку», гэта, якраз-такі, даволі кепска.
“І тое што гэтае абвіненне зняў пракурор, сведчыць, што гэта было загадзя ўзгодненным дзеяннем, – робіць выснову былы палітвязень. – План, верагодна, у тым, каб пазбавіць Зміцера падтрымкі праваабаронцаў (а тым самым – статусу палітвязня), навесіўшы яму выключна крымінальны артыкул. Нічога добрага гэта не прадвяшчае.
Аб магчымым прысудзе гадаць не бяруся. Але інтуітыўна падаецца, што будзе альбо вельмі добра (адпусцяць ці дадуць па адбытым), альбо вельмі кепска (улепяць няхілы тэрмін). Сярэдняга лайт-варыянту (2-3 гады) тут не праглядаецца”.
Працэс па “справе Паліенкі” працягнецца 18 кастрычніка.
palitviazni.info