Мікіта Емельянаў зараз знаходзіцца ў папраўчай калоніі №2 горада Бабруйска, але лісты ад яго сябрам не даходзяць.
“Вользе Нікалайчык прыйшоў ад Мікіты лсіт, які напісаны з каранціну, – паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбук Зміцер Паліенка. – Дзе ён зараз знаходзіцца (у атрадзе, у ШІЗА альбо ПКТ) – невядома”.
Зміцер Паліенка адзначае, што ў той жа час ад Мікіты Емельянава няма адказаў на яго заказныя лісты.
“Нічога не змяняецца, – дадае ён. – Перапіску ізноў альбо не аддаюць, альбо спрабуюць максімальна ўтрымліваць. Хоць па правілах затрымаць ліст для прагляду аператыўнай часткай могуць толькі да трох сутак. Будзем зноў пісаць скаргу ў Дэпартамент выканання пакаранняў”.
***
Нагадаем, што 12 лютага 2020 году суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емельянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар ў гэты момант быў у суседнім скверы, інфармуе spring96.org.
Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3.
27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Мікіце Емельянову – 4 гады пазбаўлення волі, Івану Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емельянава і Івана Комара палітычнымі зняволенымі.
palitviazni.info