Былы палітвязень Зміцер Паліенка распавёў сайту palitviazni.info, што ўжо праз тыдзень пасля таго, як ён пачаў адбываць пакаранне на “хатняй хіміі”, яго ізноў пачала прэсаваць міліцыі.
“Сёння Зміцер быў у крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РУУС”, і сітуацыя выглядае вельмі камічна”, – кажа жонка актывіста Наста Гусева.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2019 году Мінскі гарадскі суд прызнаў Зміцера Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.
14 лютага 2020 году Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Мінскага гарадскога суда і пакінуў рашэнне папярэдняй інстанцыі ў сіле.
Тэрмін адбыцця пакарання пачаўся з 2 красавіка 2020 году.
“Калі 6 красавіка прыйшоў у міліцыю адзначацца, мне нечакана паведамілі, што я ўжо парушыў рэжым адбыцця пакарання, – кажа Зміцер. – Маўляў, у выхадныя не знаходзіўся дома, хаця гэта лухта. Па-першае, я быў дома, па-другое, ніхто да мяне не прыходзіў з міліцыі, і пратакол не складалі”.
Пасля размовы ў міліцыі актывісту выпісалі позву ў Першамайскі РУУС на 7 красавіка.
“Сёння Зміцер наведаўся з адвакатам да праваахоўнікаў, і сітуацыя выглядае вельмі камічна, – кажа Наста Гусева. – Відаць, тыя не разлічвалі, што будзе яшчэ і адвакат, а таму выглядалі крыху разгубленымі.
У выніку стала вядома, як Зміцер “парушыў” умовы адбыцця пакарання. Нам паведамілі, што ў ноч з пятніцы на суботу да нас быццам бы прыходзілі міліцыянеры, каб праверыць, ці дома муж. Але, па словах інспектара, прадстаўнікі праваахоўных органаў пасаромеліся грукаць у дзверы, а таму пастаялі на парозе і сышлі. А затым напісалі ў рапарце, што не змаглі патрапіць у жыллё, а суадносна Зміцер парушыў правілы адбыцця пакарання. Усё гэта нагадвае нейкі тэатр абсурда!”
У Зміцера Паліенкі ў міліцыі ўзялі з гэтай нагоды тлумачэнне і зараз у інспекцыі будзе дзесяць дзён на вынясенне рашэння.
palitviazni.info
Фота: spring96.org