Наста Паліенка: Навошта было ізаляваць чалавека, які і так быў ізаляваны?

Жонка палітвязня Змітра Паліенкі распавяла сайту palitviazni.info пра свайго мужа, які зараз знаходзіцца на “сутках”, ціск на яго і боязь уладаў.

“Мне відавочна, што да 9 жніўня, калі адбудуцца выбары, Зміцер не выйдзе на волю”, – кажа Наста.

Анархісту Зміцер Паліенку, які адбывае пакаранне на “хатняй хіміі”, 8 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна прысудзілі 15 сутак арышту за размешчаны ў Фэйсбук допіс з заклікам прыняць удзел у флэшмобе — па вечарах бразгаць з адчыненых вокнаў і балконаў пустымі рондалямі.

У той жа дзень падчас перапынку ў яго апыталі ў межах заведзенай крымінальнай справы па абразе супрацоўніка міліцыі.

За кратамі Зміцеру, як і некаторым іншым актывістам, дадаюць новыя “суткі” і, па падліках жонкі Паліенкі, яе муж павінен выйсці на волю 23 жніўня.

– Сітуацыя з тымі, хто знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) альбо ў Ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), даволі незразумелая, – кажа Наста Паліенка. – Людзей там судзяць на месцы, і пра гэта блізкія нават не заўсёды даведваюцца. Іфармацыю атрымліваем праз трэція рукі, ад тых, напрыклад, хто сядзеў разам і вызваліўся.

Таму, калі верыць той інфармацыі, што ёсць, Зміцер ужо атрымаў 45 сутак адміністрацыйнага арышту, але, магчыма, і болей. Нешта высвятліць у самой установе практычна немагчыма.

— Зусім няма ніякай сувязі з мужам?

— Абсалютна ніякай! Калі Зміцер быў у ІЧУ, адваката да мужа не пусцілі. І наогул сказалі, што яго там няма. Праз нейкі час муж “знайшоўся” ў ЦІПе, але і там адвакату забаранілі сустрэчу з-за “эпідэміялагічнай абстаноўкі”.

Калі парады праводзяцца, то “эпідэміялагічная абстаноўка” іх не палохае, а, калі трэба для вязняў зрабіць невыносныя ўмовы, то тут памяць пра каранавірус прачынаецца.

Адным словам, адваката не пускаюць, лісты на прыходзяць, атрымаць інфармацыю ад адміністрацыі папраўчых устаноў таксама немагчыма. Атрымліваецца своеасаблівы інфармацыйны вакуум.

Адно добра – раз на тры дні прымаюць перадачы.

– Не верыце, што выйдзе на волю да 9 жніўня?

– Гэта відавочна. Думаю, не для таго ізалявалі і судзяць за кратамі, каб раней часу выпускаць. Дзіўна толькі, чаму вырашылі кінуць мужа ў ізалятар, бо ён і так адбывае пакаранне на “хатняй хіміі” і не можа пакідаць межы свайго дома. Навошта было ізаляваць чалавека, які і так быў ізаляваны?

Ён не прымае актыўны ўдзел у нейкіх вулічных мерапрыемствах, але атрымліваецца, што нават выказванне сваёй рэзкай пазіцыі ў сацыяльных сетках – гэта для ўладаў небяспека. А можа пабаяліся, што Зміцер можа парушыць рэжым “хатняй хіміі”, а таму і прыдумваюць свае “ліпавыя” пратаколы.

– Ці могуць Змітру пасля яго выхаду на волю зрабіць больш жорсткі рэжым пакарання?

– Адвакаты кажуць, што муж не парушаў рэжым “хатняй хіміі”, а ў ЦІП патрапіў за допіс у сацыяльных сетках. У Зміцера ёсць дакумент, дзе ёсць пералік таго, што ён не павінен парушаць. І пра допісы ў сацыяльных сетках там нічога не сказана. Але ў нашай краіне усё магчыма…

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Рыгор Кійко
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Павал Вінаградаў
  • Сяргей Казакоў
  • Міхаіл Марыніч