Змітру Паліенку ў ІЧУ патрэбны лекі

Вязень сумлення Зміцер Паліенка працягвае знаходзіцца ў Ізалятары часовага ўтрымання як быццам за парушэнне рэжыма “хатняй хіміі”.

“Патэлефанавалі з ІЧУ і папрасілі прынесці для Змітра лекі”, – распавяла сайту palitviazni.info жонка вязня Наста Паліенка.

Нагадаем, што 25 ліпеня актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка нечакана выйшаў на волю з мінскага Ізалятара часовага ўтрымання пасля 17 сутак утрымання.

А ўжо 27 ліпеня Паліенку ізноў затрымалі і накіравалі ў ІЧУ. Ён быў арыштаваны яшчэ на 15 сутак як быццам за парушэнне рэжыма “хатняй хіміі”. Вязень адбывае ізаляцыю на ўмовах ШІЗА, яму нельга мець ніякіх асабістых рэчаў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала неадкладна вызваліць вязня сумлення Зміцера Паліенку.

“Патэлефанавалі з Ізалятара часовага ўтрымання і папрасілі прынесці для Змітра лекі, – кажа Наста. – Раней, калі ён быў у калоніі, зарабіў сабе астму, ёсць і іншыя праблемы са здароўем, а таму лекі проста неабходны”.

Наста дадае, што таксама патэлефанаваў былы сукамернік Зміцера Паліенкі і распавёў, што Зміцер “адчувае сябе нармальна, сядзіць з тымі, каго таксама пакаралі за парушэнне “хатняй хіміі”.

“І хаця адбывае пакаранне на ўмовах ШІЗА, але знаходзіцца ў агульнай камеры, – адзначае Наста. – 11 жніўня павінен выйсці на волю, калі нешта новае не прыдумаюць”.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні