28 ліпеня жонка актывіста Наста Паліенка спрабавала перадаць мужу ў ізалятар часовага ўтрымання перадачу, але яе не прынялі.
“У ІЧУ мне сказалі, што “для такой катэгорыі грамадзян” перадачы забаронены”, – распавяла Наста сайту palitviazni.info.
Нагадаем, што 25 ліпеня актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка нечакана выйшаў на волю з мінскага Ізалятара часовага ўтрымання пасля 17 сутак утрымання.
А ўжо 27 ліпеня Паліенку ізноў затрымалі і накіравалі ў ІЧУ. Ён быў арыштаваны на 15 сутак, якія яму прысудзілі раней.
Спачатку, 7 ліпеня, ён атрымаў 15 сутак за фота з рондалем у сацсетках, што суд прызнаў “несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам”. Затым, ужо седзячы ў ізалятары, атрымаў яшчэ 15 за невыкананне рэжыму “хатняй хіміі”. Таксама на Паліенку складзены яшчэ адзін пратакол – за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
“Прынесла ў Ізалятар часовага ўтрымання перадачу, але дзяжурны не прыняў яе, з некім параіўся, а затым паведаміў, што “для такой катэгорыі грамадзян” перадачы забаронены, – кажа Наста Паліенка. – Цікава, да якой асаблівай “катэгорыі” адносіцца Зміцер?
Калі пачала высвятляць, на якіх падставах прынята такое рашэнне, аб’явіўся начальнік ІЧУ і стаў на мяне ў грубай форме крычаць і казаць, каб “пайшла адсюль падалей”.
Дарэчы, адвакат, якой я патлумачыла сітуацыі, сказала, што адміністрацыя ІЧУ паступае незаконна, і яна ўпершыню чуе пра забароны для некаторых “катэгорый грамадзян”. Ды і самі “суткі” за невыкананне рэжыму “хатняй хіміі” незаконныя, бо за першае парушэнне выносяць папярэджанне, а не арыштоўваюць.
Калі Зміцер Паліенка адбываў папярэдняе пакаранне, ён праводзіў шасцідзённую сухую галадоўку.
“На шосты дзень ужо прытомнасць губляў, яго нашатырным спіртам адкачвалі, – працягвае Наста. – Папярэдзілі, што пад прымусам будуць уліваць ваду і ставіць кропельніцы, але “Хуткую”не выклічуць.
Да гэтага ў ІЧУ адзін актывіст таксама знаходзіўся на сухой галадоўцы. Яго адвезлі ў бальніцу, а адтуль хлопец збег. Таму зараз у лякарную ўжо нікога не вязуць”.
Наста Паліенка кажа, што яе муж ведаў пра новы арышт, а таму пайшоў у міліцыю ўжо з рэчамі.
“Як вядома, ніякіх рэчаў з сабой яму не дазволілі ўзяць, і гэта, як мне падаецца была зараней спланаваная акцыя. Вырашылі цалкам ізаляваць Змітра, такім чынам аказваць на яго ціск. Мяркую, што зараз ён знаходзіцца ў карцары”.
Пазней Наста Паліенка ўсё-такі даведалася, чаму яе мужу забаронены перадачы:
“Я звярнулася ў Першамайскі РУУС, і інспектар, які займаецца справай мужа, патлумачыў, што Зміцер адбывае не адміністрацыйны арышт, а ізаляцыю за парушэнне рэжыма хатняй хіміі на ўмовах штрафнога ізалятара. Таму 15 сутак яму не дазволены ні асабістыя рэчы, ні перадачы”.
palitviazni.info
Фота: spring96.org