Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў нарадзіўся ў г. Наваполацку Віцебскай вобласьці 21 кастрычніка 1989 года.

На момант арышту працаваў апэратарам на нафтаперапрацоўчым аб’яднаньні “Нафтан” і завочна вучыўся ў Полацкім унівэрсытэце.

Храналёгія перасьледу

Быў затрыманы 8 лістапада 2012 году ў Віцебску — паводле афіцыйнай інфармацыі, нібыта “падчас закладкі схованкі са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы”. На працягу амаль 9 месяцаў  Гайдукова ўтрымлівалі то ў менскім сьледчым ізалятары КДБ “амэрыканцы”, то ў СІЗА КДБ у Віцебску.

Родныя і сябры з самага пачатку тлумачылі арышт Андрэя ціскам спэцслужбаў з-за апазыцыйных поглядаў хлопца. Акрамя таго, Андрэй разам з аднадумцамі спрабаваў зарэгістраваць міжнародную арганізацыю “Саюз маладых інтэлектуалаў”, якая дэкляравала ў сваім Статуце прасоўваньне наватарскіх ідэяў у розных сфэрах і нават магчымае стварэньне ўласнай палітычнай партыі.

Судовыя слуханьні па справе Гайдукова праходзілі з 12 чэрвеня 2013 г. у Віцебскім абласным судзе пры зачыненых дзьвярах. 20 чэрвеня ў якасьці сьведкі была дапытаная маці падсуднага Вольга Гайдукова, якая не бачыла сына з дня арышту.

Артыкул абвінавачваньня быў перакваліфікаваны на больш мяккі. Вядома, што першапачаткова Гайдукова абвінавачвалі па двух артыкулах: ч. 1 арт. 14 — (замах на злачынства) і ч. 1 арт. 356 — (здрада дзяржаве).  Аднак 19 чэрвеня старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Валер Вакульчык заявіў журналістам, што наваполацкага актывіста апазыцыі могуць асудзіць і паводле іншага артыкулу. 27 чэрвеня дзяржабвінаваўца ў судовым працэсе запрасіў для А. Гайдукова 2 гады зьняволеньня.

1 ліпеня 2013 году Андрэя Гайдукова прызналі вінаватым у спробе ўстанаўленьня кантактаў з супрацоўнікам замежнай спэцслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве. Рашэньнем закрытага суду Андрэй Гайдукоў быў асуджаны на паўтары гады калёніі агульнага рэжыму.