Вольга Гайдукова: Андрэй ніколі б не напісаў так бязглузда і карава

«Ліст у ЦРУ» выклікаў смех у маці палітвязня.

Вольга Гайдукова, маці Андрэя Гайдукова, асуджанага за замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі, пракаментавала «Салідарнасці» публікацыі пра яго ў афіцыйных СМІ.

«Калі я прачытала гэты артыкул з лістом, нібыта напісаным маім сынам, я адчула нябачаную лютасць і гнеў, а потым мяне разабраў смех, – падзялілася Вольга Гайдукова. – Бачачы гэтую сумесь англійскай і рускай, можна зразумець, што складальнікі гэтага «ліста» нават не пацікавіліся, якую замежную мову ведае Андрэй. У школе і ўніверсітэце ён вучыў нямецкую. Англійскай ён наогул не ведае».

Маці палітвязня здзіўляецца, адкуль столькі нянавісці ў аўтара артыкула ў «Советской Белоруссии».

«Як быццам бы Андрэй у яго дзяўчыну адбіў: столькі жоўці, хлусні, бруду, – кажа яна. – Але чытаеш, і здзіўляешся: Божа, як бязглузда і карава напісана. Андрэй ніколі не напісаў бы так. Мабыць, доўга «нараджалі»… Калі б сын напісаў ліст, то я не ўяўляю, хто з сяброў мог бы яго перадаць».

Сваякі Гайдукова звязваюць публікацыю «кампрамату» з набліжэннем даты апеляцыі па прысудзе (яе павінны разглядаць 27 жніўня ў Вярхоўным судзе). Пры гэтым яны не збіраюцца судзіцца з аўтарам артыкула, абвінавачваючы яго ў паклёпе.

«Нам бы разабрацца з тым, што ёсць цяпер. Няхай Андрэй хутчэй вяртаецца дадому. А звязвацца з гэтай гадасцю – ніжэй нашай годнасці, – падагульніла Вольга Гайдукова.

Нагадаем, 1 ліпеня 2013 года Андрэй Гайдукоў быў асуджаны па частцы 1 артыкула 14 і артыкуле 356-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы) і прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення волі .

Прысуд Андрэю Гайдукову вынес Віцебскі абласны суд.

Разгляд справы актывіста з Наваполацка праходзіў у закрытым рэжыме. 23-гадовага рабочага завода «Нафтан» першапачаткова абвінавачвалі па двух артыкулах: частцы 1 артыкула 14 – «Замах на злачынства» і частцы 1 артыкула 356 – «Здрада дзяржаве».

Паводле афіцыйнага паведамлення прэс-службы КДБ, Андрэя Гайдукова затрымалі ў Віцебску «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы».

Родныя і сябры не вераць у тое, што Гайдукоў мог займацца шпіянажам, яны тлумачаць ціск з боку КДБ апазіцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненнем стварыць у Наваполацку міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Саюз маладых інтэлектуалаў».

Сергей Балай

Іншыя палітычныя вязьні