
Нарадзіўся 16 студзеня 1978 году ў г. Хойнікі на Гомельшчыне. Пасьля Чарнобыльскай катастрофы сям’я пераехала ў Віцебскую вобласьць, горад Верхнядзьвінск, дзе ён скончыў сярэднюю школу і куды вярнуўся працаваць пасьля сканчэньня ў Менску Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. З красавіка 2010 г. жыў і працаваў у сталіцы. Палітыкай не займаўся, ні ў якія партыі і рухі не ўваходзіў.
На Плошчы апынуўся з-за адмовы яму на выбарчым участку ў праве прагаласаваць 19 сьнежня ў Менску – Уладзімера адпраўлялі ў Верхнядзьвінск. Гэта апошні горад на тэрыторыі Беларусі перад мяжой з Латвіяй.
Храналёгія перасьледу
Быў затрыманы пры разгоне акцыі 19 сьнежня, адбыў 10-суткавы адміністратыўны арышт у ізалятары на Акрэсьціна, а потым затрыманы як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Прад’яўлена абвінавачаньне па арт. 293 КК. Зьмешчаны пад варту ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага.
12 траўня 2011 г. асуджаны на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін быў пераведзены на Магілёўшчыну, у Шклоўскі раён.
14 верасьня 2011 г. памілаваны і вызвалены са шклоўскай папраўчай калёніі № 17 .