Былы палітвязень Зміцер Паліенка распавёў сайту palitviazni.info, што ўжо пачаў адбываць пакаранне ў рэжыме “хатняй хіміі”.
“Самае цікавае, што зараз з-за каранавіруса палова краіны знаходзіцца ў такім рэжыме”, – з гумарам адзначае суразмоўца.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2019 году Мінскі гарадскі суд прызнаў Зміцера Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.
14 лютага 2020 году Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Мінскага гарадскога суда і пакінуў рашэнне папярэдняй інстанцыі ў сіле.
“Мне паведамілі, што трэба стаць на ўлік у Першамайскі РУУС, а тэрмін адбыцця пакарання пачаўся з 2 красавіка, – кажа Зміцер Паліенка. – Міліцыянеры яшчэ і прэтэнзіі выказалі, што, маўляў, я скардзіўся ў СМІ на тое, што рэжым адбыцця пакарання не мог пачацца амаль паўтары месяца”.
Зміцер Паліенка адзначае, што зараз будзе складаней, але ў любым выпадку “хатняя хімія” – гэта не калонія.
“Павінен пастаянна знаходзіцца па месцы прапіскі, хаця з 15.00 па 17.00 маю права гуляць па вуліцы, – дадае Зміцер. – Магчыма, дазволяць выехаць і за межы горада, калі нармальна ўсё абгрунтаваць.
Дарэчы, мяне цешыць, што сёння з-за каранавіруса паўкраіны сядзіць дома ў каранціне. Гэта тая ж самая “хатняя хімія”.
palitviazni.info
Фота: spring96.org