Чаму прэсуюць Міколу Дзядка?

Былы палітвязень Мікола Дзядок распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму ў апошні час на яго ўзмацніўся ціск з боку сілавікоў.

“Дзяржава ўсведамляе, якую небяспеку нясе свабодны Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, таму спрабуе ўзяць іх пад кантроль адным даступным для сябе метадам: адміністрацыйна-паліцэйскім”, – кажа Мікола Дзядок.

Днямі суд Цэнтральнага раёна аштрафаваў Міколу Дзядка на 25 базавых велічынь за ўдзел у акцыі “Свабоду палітвязням”, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

“На дадзены момант маю тры адміністрацыўныя справы за пасты ў сацыяльных сетках, затрыманне і штраф за пікет, а таксама яшчэ два пратаколы за пасты ў сацсетках, па якіх яшчэ не адбылося судоў, – кажа Мікола Дзядок. – Звязваю гэта найперш з тым, што я анархіст і ўголас заяўляю аб сваіх перакананнях, выступаю з імі публічна.

Таксама, думаю, дзяржава, усведаміўшы, якую небяспеку нясе свабодны Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, спрабуе ўзяць іх пад кантроль адным даступным для сябе метадам: адміністрацыйна-паліцэйскім. Адсюль і ўзмацненне ціску на тых, хто распаўсюджвае альтэрнатыўныя погляды ў Інтэрнэце”.

Мікола Дядок адзначае, што ён не першы і не апошні, на каго ціснуць з гэтай нагоды.

«Відавочна таксама, што міліцыю напружыў флэшмоб супраць закона аб экстрэмізме, у якім прыняла ўдзел ужо даволі шмат людзей, і, спадзяюся, прыме яшчэ больш, – дадае суразмоўца. – Думаю што ціск на мяне асабіста будзе нарастаць, бо наперадзе і Дзень Волі, і Еўрапейскія гульні, і выбары.

Аднак у якой ступені ён ўзмацніцца, будзе залежыць ад таго, наколькі моцная будзе падтрымка праваабаронцаў, журналістаў і паплечнікаў, колькі людзей прыме ўдзел у флэшмобе. Бо адна справа – прэсаваць аднаго «экстрэміста», і зусім іншая справа, калі такіх будзе пяцьдзесят альбо сто”.

palitviazni.info

Фота: https://www.facebook.com/photo.php?fbid=770426496641711&set=t.100010231038247&type=3&theater

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пачобут
  • Алесь Міхалевіч
  • Яўген Сувораў
  • Алесь Бяляцкі
  • Аляксандар Малчанаў