Ці павінен Зміцер Паліенка хадзіць на лекцыі ў міліцыю?

Былы палітычны зняволены Мікола Дзядок распавёў сайту palitviazni.info, чаму міліцыя вырашыла ціснуць на Зміцера Паліенку праз лекцыі, і ці патрэбна на іх хадзіць.

“Міліцыянеры знайшлі заканадаўчы пралаз для таго, каб працягнуць прэсаваць Зміцера і трымаць пад кантролем”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што былы палітвязень Зміцер Паліенка выйшаў на волю 24 кастрычніка. Пасля гэтага ён павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання.

Некалькі разоў хлопец наведаўся на лекцыі, а затым адмовіўся гэта рабіць. У выніку на актывіста складзена тры адміністрацыйных пратакола па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі).

6 снежня павінен быў адбыцца першы суд, але справу перанеслі на нявызначаны тэрмін і адправілі яе на дапрацоўку ў Заводскі РУУС. Наступны суд прызначаны на 19 снежня.

“Абавязку хадзіць на прафілактычныя лекцыі няма, – кажа Мікола Дзядок. – Як мне сказаў сам Паліенка, гэта абсалютна новая практыка, якая раней не прымянялася, прынамсі, да палітычных зняволеных. Магчыма, яе ўжывалі адносна звычайных крымінальнікаў, але мне такія факты, ізноў-такі, невядомыя”.

Мікола Дзядок дадае, што па законе на такія лекцыі абавязаны хадзіць людзі, якія вызваляюцца з адміністрацыйным надзорам.

“А ў Паліенкі такога надзору няма, – адзначае суразмоўца. – Такім чынам, міліцыянеры проста знайшлі заканадаўчы пралаз таго, каб працягнуць яго прэсаваць і трымаць пад кантролем. Калі ж не пайшоў на гэтыя самыя лекцыі, то адмову трактуюць, як “невыкананне законнага патрабавання супрацоўніка міліцыі”. Хаця гэтае патрабаванне не можа быць законным. Думаю, гэта проста чарговае ноу-хау для міліцыянераў, каб паказаць начальству, як яны, маўляў, яны працуюць з “экстрэмістам”.

palitviazni.info

Фота: novychas.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ірына Халіп
  • Уладзімер Плешчанка
  • Юры Казак