Мікола Дзядок: “Справа БЕЛТА” паказала, што журналісты павінны ахоўваць сваю інфармацыю

У судзе над галоўным рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай абвешчаны перапынак да 25 лютага.

Былы палітвязень Мікола Дзядок распавёў сайту palitviazni.info пра тыя ўрокі, якія трэба зрабіць пасля гэтага працэса.

19 лютага суд Заводскага раёна Мінска працягнуў разгляд крымінальнай справы Марыны Золатавай, у гэты дзень яе дапытвлі ў якасці абвінавачанай.

Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў, інфармуе TUT.BY.

Галоўнага рэдактара партала абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

“Асабіста для мяне нечаканасцяў у гэтай справе і падчас суда няма, – кажа Мікола Дзядок. – Усё як звычайна. Хаця адносна добрай з’явай можна назваць (у адрозненні ад іншых гадоў) той факт, што падсудная знаходзіцца не ў СІЗА, а на волі”.

Гэтая справа і працэс паказалі таксама: сілавікі праслухоўвалі журналістаў яшчэ да таго, як дырэктар БЕЛТА падала заяву ў міліцыю.

“У факце наяўнасці праслушкі таксама няма нічога дзіўнага, – адзначае Мікола Дзядок. – Я лічу, што ўсе, хто называе сябе грамадскімі актывістамі ці проста незалежнымі журналістамі, мусяць ахоўваць сваю інфармацыю. Не казаць лішняе па тэлефону, шыфраваць усе лічбавыя прылады, заходзіць у інтэрнэт праз Тор і VPN і гэтак далей”.

Па словах суразмоўцы, на жаль, такія меры бяспекі па захаванні інфармацыі робяць толькі адзінкі, бо думаюць, што, маўляў, “нас гэта не тычыцца, мы нічога такога не робім”.

“І журналісты TUT.BY думалі гэдак жа, а зараз гігабайты інфармацыі трапяць да сілавікоў, і, безумоўна, будуць выкарыстаны для яшчэ больш вытанчанага ціску на нязгодных, – дадае ён. – Думаю, грамадзянская супольнасць шмат губляе ад такога легкадумства”.

Мікола Дзядок прагназуе, што працэс працэс можа закончыцца для Марыны Золатавай альбо тэрмінам з адтэрмінкоўкай, альбо умоўным тэрмінам.

palitviazni.info

Фота: tut.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Круткін
  • Вадзім Кабанчук
  • Міхась Субач
  • Анатоль Паўлаў
  • Кацярына Салаўёва