
Анатоль Паўлаў
Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП, сябра Палітсавету і Нацыянальнага камітэту АГП. Нарадзіўся 18 чэрвеня 1949 году ў Выбаргу Ленінградзкай вобласьці ў сям’і вайскоўца. Частка дзяцінства прайшла на архіпелагу Новая Зямля. Ад 1965 г., калі бацька дэмабілізаваўся па стане здароўя, жыве ў Менску. Скончыў менскую СШ № 4 (1966 г.), хімічны факультэт БДУ (1971 г.). Працаваў настаўнікам у школе ў Лагойскім раёне, у 1973-2000 гг. – на розных пасадах у БДУ. Напачатку 2000 г. абраны чальцом гаркаму прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі (структуру, якая пазьней была ліквідаваная).
На выбарах 2001 г. кіраваў штабам Міхаіла Чыгіра, разам зь якім уступіў у АГП.
Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП Яраслава Раманчука.
Храналёгія перасьледу
Анатоль Паўлаў быў затрыманы ў сябе дома а 7-й раніцы 20 сьнежня 2010 г. Ён быў абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК РБ – “арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел ў іх”. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ да 7 студзеня 2011 г., калі быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе.
У канцы жніўня 2011 г. крымінальная справа супраць яго была спыненая.