Уладзімер Лыско

Уладзімер Лыско нарадзіўся 20 ліпеня 1957 г. у Барысаве. Пасьля заканчэньня школы паступіў у політэхнічны тэхнікум на спэцыяльнасьць інжынэрная геадэзія. У 1975 г. прызваны ў войска, служыў тры гады на Балтыйскім флоце. Пасьля службы і заканчэньня тэхнікуму быў разьмеркаваны ў Менск, у тагачаснае 5-е геадэзічнае прадпрыемства пры Савеце міністраў СССР. Больш за 30 гадоў працуе геадэзістам.

Ад 1989 г. бярэ ўдзел у акцыях беларускай апазыцыі.

Храналёгія перасьледу

На Дзень Волі 1997 г. Уладзімер Лыско быў арыштаваны. 25 сакавіка 1997 году ўдзельнікі сьвяткаваньня чарговай гадавіны БНР сабраліся на плошчы Незалежнасьці. Было запланаванае шэсьце да плошчы Якуба Коласа і там — мітынг. Аднак міліцыя ад пачатку паводзіла сябе правакацыйна: адной зь першых пацягнулі ў “варанок” маці Славаміра Адамовіча, але жанчыну абаранілі. Потым спэцназаўцы пачалі выхопліваць людзей проста з натоўпу, пачаліся лякальныя бойкі, дэманстранты “высыпалі” на праезную частку. На скрыжаваньні праспэкту Скарыны і вуліцы Казлова пачалася бойка. Мітынг на плошчы Якуба Коласа ўрэшце адбыўся, пасьля чаго людзі пачалі разыходзіцца.

Уладзімер сеў у тралейбус №2 і паехаў дадому, на вуліцу Славінскага. Аднак на прыпынку ля парку Чалюскінцаў у тралейбус заскочылі шэсьць чалавек у цывільным, скруцілі Лыско і закінулі ў машыну. У РАУС Савецкага раёну, як злачынцу, паставілі на “расьцяжку” — да сьцяны. Гэта было ягонае першае затрыманьне. Пасьля трох сутак на Акрэсьціна Лыско перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага, дзе ён правёў месяц, пакуль не выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

У лістападзе 1997 г. Уладзімера Лыско асудзілі да двух гадоў абмежаваньня волі.

У Гомель на “хімію” адпраўлены 8 сакавіка 1998 г. праз год трапіў пад амністыю. 12 сакавіка 1999 г. вызвалены.

У лістападзе 2000 г. быў затрыманы і прысуджаны да штрафу за ўдзел у моладзевай акцыі “Пераменаў!”.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні