Алесь Міхалевіч

Нарадзіўся 15 траўня 1975 г. у Менску ў сям’і навукоўцаў. Вучыўся ў школе № 19 г. Менску (з матэматычным ухілам), Беларускім гуманітарным ліцэі. У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці “палітоляг-юрыст”, падчас вучобы ўзначальваў “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў” — грамадзкую арганізацыю, якая абараняе правы студэнтаў беларускіх ВНУ. Праходзіў стажыроўкі ў Варшаўскім і Оксфардскім ўнівэрсытэтах. З 1997 г. займаўся моладзевымі абменамі і турызмам, з 2000 г. працаваў на кіруючых пасадах у турыстычным СП “Аркадыя”. Пакінуў пасаду генэральнага дырэктара гэтай кампаніі пасьля сямі праверак, учыненых уладамі з-за ўдзелу яе кіраўніка ў парламенцкіх выбарах 2004 году.

З 2005 г. мае акрэдытацыю Міністэрства эканомікі РБ у якасьці антыкрызіснага кіраўніка. У 2007-2008 гг. працаваў юрысконсультам Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане, у 2008-2010 гг. – юрыстам Беларускага незалежнага прафсаюзу. Свабодна валодае чатырма мовамі. З 2003 па 2007 гг. быў дэпутатам Пухавіцкага раённага савету і каардынатарам Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. Выдаваў незалежную газету “Рэгіён” у г. Мар’іна Горка Менскай вобласьці. Ініцыяваў шэраг крокаў па пашырэньні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіраваннья.

У 2004-2008 гг. – намесьнік старшыні партыі БНФ. Балатаваўся на пасаду старшыні партыі ў 2008 г., аднак быў выключаны за публічную крытыку яе кіраўніцтва.

У 2010 г. заснаваў новы грамадзкі рух – “За мадэрнізацыю”. Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Храналёгія перасьледу

Затрыманы супрацоўнікамі КДБ пасьля акцыі пратэсту ў Менску ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. ў сябе дома.  Зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны па артыкуле 293 – “Масавыя беспарадкі”.

19 лютага 2011 г. быў выпушчаны зь СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе.

Праз некалькі дзён, 28 лютага 2011 г., зладзіў шакуючую грамадзкасьць прэс-канфэрэнцыю, на якой заявіў пра катаваньні вязьняў СІЗА КДБ. Пасьля гэтай заявы Міхалевіча выклікалі на допыт у КДБ, на які, аднак,  Алесь не прыйшоў, таемна пакінуўшы Беларусь.  Быў абвешчаны ўладамі Беларусі ў міжнародны вышук.

23 сакавіка 2011 г. атрымаў палітычны прытулак і жыве ў Чэхіі. Сям’я застаецца на Радзіме. 


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Кіркевіч
  • Артур Фінькевіч
  • Мікіта Емельянаў
  • Аляксандар Малчанаў