Андрэй Пачобут: Страх – вельмі важны кампанент беларускай стабільнасці

578661_713158475368142_1385026980_nВядомы журналіст і былы палітвязень Андрэй Пачобут распавёў сайту palitviazni.info пра сваю былую крымінальную справу, турэмны досвед і сёняшнюю сітуацыю ў краіне.

“Тое, што крымінальны пераслед рыхтаваўся, што КДБ працаваў, я ведаў. Таму маральна рыхтаваўся да арышту. На момант, калі мяне арыштавалі, я не спадзяваўся, што будзе прысуд з адтэрміноўкай і маральна рыхтаваўся да пасадкі на некалькі гадоў. Цяжка было пра дзяцей думаць, што ім прыйдзецца расці без бацькі”, – распавядае суразмоўца.

З ДАВЕДКІ

Андрэй Пачобут – журналіст, публіцыст і блогер.

18 сакавіка 2011 г. Гарадзенская абласная пракуратура ўзбудзіла справу супраць яго за абразу прэзідэнта Беларусі (частка 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу РБ). 6 красавіка 2011 г. Андрэй Пачобут быў затрыманы. На працягу ўсяго тэрміну журналіст утрымліваўся ў следчым ізалятары Гарадзенскай турмы. Супраць яго была ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа — за паклёп на Аляксандра Лукашэнку (частка 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ).

5 ліпеня 2011 г. А. Пачобут быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Суд апраўдаў журналіста па артыкуле “Абраза Прэзыдэнта РБ”, але прызнаў вінаватым у паклёпе.

21 чэрвеня 2012 г. быў арыштаваны дома ў Гародні, супраць яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле “Паклёп на Прэзыдэнта”. Падставай сталі нататкі Андрэя ў блогу і ягоныя артыкулы на сайтах “Хартыя-97” і “Беларускі партызан”.

30 чэрвеня Андрэй Пачобут быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

15 сакавіка 2013 г. другая крымінальная справа супраць журналіста была закрытая за адсутнасцю складу злачынства.

23 верасня 2013 г. ён быў вызвалены ад адбыцця пакарання з адтэрміноўкай па першай справе. Вызваленне адбылося пасля таго, як скончыўся тэрмін двухгадовай адтэрміноўкі.

– Андрэй, якой вам сёння бачыцца сітуацыя, калі з аднаго боку ўлады паказваюць бачнасць нейкай лібералізацыі, а з іншага рэпрэсіі па сутнасці застаюцца?

– Рэжым кансалідаваны, а гайкі ў Беларусі вельмі моцна закручаны. Таму з аднаго боку ўлады маглі б зрабіць шэраг жэстаў, якія можна было б расцэньваць як лібералізацыю, а разам з тым яны б не стваралі б для ўлады пагрозу і не цягнулі б за сабой нейкіх палітычных пераменаў. Улада гэтага не робіць таму, што не адчувае ціску. Захад глядзіць цяпер на Украіну і Расію. Унутры краіны грамадства не гатовае таксама ціснуць на ўладу, і таму ніякіх саступак з боку апошняй няма.

Тэма палітвязняў не знікла да гэтага часу, хаця гучных “палітычных” спраў быццам бы і няма. “Палітычныя” – гэта тавар, які можна прадаць Захаду,запалохванне грамадства ці нешта іншае?

– З пункту гледжання ўладаў пэўны ўзровень рэпрэсіўнасці павінен падтрымоўвацца. Страх – вельмі важны кампанент беларускай стабільнасці. Без яго можна хутка страціць ўплыў на грамадства. Таму галоўны адрасат пераследу – усё ж-такі беларускае грамадства.

Зараз у краіне два палітвязні, у хуткім часе могуць з’явіцца і новыя. Тым не менш, гэтая тэма не на слыху. На ваш погляд, чаму?

– Улады выкарыстоўваюць вядомую тактыку – чыста крымінальныя абвінавачванні. Бойка, супраціўленне міліцыі і г.д. Я магу зразумець праваабаронцаў, якія вельмі асцярожна падыходзяць да аналізу гэтых справаў, таму што канчаткова адказаць на пытанне пра палітычны змест пераследу магчыма толькі, калі ты маеш гэтаму доказы. Гэта адна прычына. Іншая – слабая салідарнасць ўнутры грамадства. Калі б былі гучныя акцыі салідарнасці ці пратэсты публічныя ў сувязі з крымінальным пераследам – справа выглядала б інакш.

– Зараз актывістаў амаль не адпраўляюць на “суткі”, а даюць ім штрафы. Як ацэньваеце такую палітыку ўладаў?

– Часам вялікае фінансавае пакаранне з’яўляецца больш жорсткім, чым «суткі». Калі чалавек не мае чым заплаціць штраф, да яго прыходзяць судовыя выканаўцы, апісваюць маёмасць і г.д. Тут пад удар патрапляе сем’я… Думаю ўлады пра гэта ведаюць і таму выкарыстоўваюць такую тактыку.

Андрэй, якой вам сёння бачыцца ваша крымінальная справа пяцігадовай даўніны?

– Мае крымінальные справы, бо іх дзве. Адна з 2011-га году і другая з 2012-га па ідэнтычных абвінавачваннях. А бачацца яны таксама, як і ў 2011-м і 2012-м. Як бездоказныя і палітычна матываваныя. Лукашэнка з таго часу некалькі разоў публічна называў сябе дыктатарам, а адзін з пунктаў майго абвінавачвання тычыўся таго, што я яго якраз так і назваў. КДБ, як бачна, хацела быць свяцейшым за свайго бацьку.

Што на той момант было найскладаней і ці маглі тады ўявіць, што справа можа развярнуцца такім чынам?

– Тое, што крымінальны пераслед рыхтаваўся, што КДБ працаваў, я ведаў. Таму маральна рыхтаваўся да арышту. На момант, калі мяне арыштавалі, я не спадзяваўся, што будзе прысуд з адтэрміноўкай і маральна рыхтаваўся да пасадкі на некалькі гадоў. Цяжка было пра дзяцей думаць, што ім прыйдзецца расці без бацькі. Гэта было найбольш балюча.

Ці даў вам нешта ў гэтым жыцці турэмны досвед, чаму навучыла турма?

– Нейкага такога досведу я прыгадаць не магу. Усё і пра сябе, і пра дзяржаву нашу, і пра яе доблесныя органы я ведаў і да турмы.

– Ці было адчуванне, што вызваляць раней часу?

– Натуральна, у глыбі душы была надзея, але я стараўся як мага далей яе схаваць і рыхтавацца да вялікага тэрміна зняволення. Потым быў прысуд, і, калі я стаяў у клетцы, мне нават не верылася, што я зараз з яе выйду. Калі мяне другі раз арыштавалі па абвінавачванні ў паклёпе на прэзідэнта, і я ізноў апынуўся за кратамі, быў перакананы, што сядзець буду доўга. Здавалася, ніякай іншай магчымасці проста не існавала. Яшчэ ў статусе падазронага, гэта значыць без прад’яўлення абвінавачвання, мяне прывезлі ў СІЗА. А потым праз 10 дзён нечакана вызвалілі пад падпіску аб невыездзе і… аддалі пашпарт. Аказалася, такім вось метадам, улады хацелі мяне прымусіць з’ехаць з Беларусі. Ва ўсёй гэтай гісторыі з другой крымінальнай справай мэта была запалохаць, а калі не атрымалася, то справу праз год банальна зачынілі за адсутнасцю склада злачынства. Пасля мне яшчэ цэлы год не давалі азнаёміцца з гэтай справай. А аказалася там вельмі шмат цікавых рэчаў. Напрыклад, сведчанне за подпісам віцэ-міністра замежных справаў Купчыной аб тым што МЗС не мае інфармацыі пра тое, што мае артыкулы неяк негатыўна паўплывалі на адносіны Беларусі з іншымі краінамі. На дадатак следчы яшчэ паздзекваўся з праўладнага палітолага Сяргея Кізімы, з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Ягонае заключэнне сталася падставай дзеля майго арышту. Ён быў адным з экспертаў і даў заключэнне, што ў маіх тэкстах ёсць склад злачынства. Калі было прынята рашэнне аб тым, што справу крымінальную спыняюць, яго адмыслова дапыталі ў Следчым камітэце, чаму ён даваў такое заключэнне, калі ўстаноўлена, што складу злачынства ў маіх тэкстах няма. Ну і ён там мямліў, што гэта ягоная асабістая думка, і ён на ёй не настойвае, бо вядома могуць быць і іншыя думкі. Такі вось цырк, таму мне так доўга і не давалі справу, хоць я і меў права з ёй азнаёміцца.

– Пяць гадоў таму рэпрэсіі ў адносінах да апанентаў улады былі больш жорсткія. Ці можна сказаць, што яны ў пэўнай ступені далі эфект і зараз што апазіцыя, што грамадства не вельмі верыць у магчымасць нешта змяніць?

– Думаю, ёсць шэраг прычын, чаму грамадства так а не іначай рэагуе на нашу рэчаіснасць. Адна з іх, гэта, безумоўна, рэпрэсіўная палітыка ўладаў. Таму, тут трэба прызнаць, пакуль што ў гэтым плане ва ўлады ўсё атрымоўваецца. Грамадства паслухмянае, больш просіць, чым патрабуе. Незадавальнне выказвае на кухнях і ў прыватных размовах. Але колькі так можа працягвацца? Сітуацыя ж ўсё больш і больш пагаршаецца, нарастае эканамічны крызіс. Дзе мяжа цярпялівасці? Адказу на гэтае пытанне я не ведаю, не ведаюць яго і ўлады. Адказ дасць гісторыя.

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Ус
  • Цімох Дранчук