Міхаілу Жамчужнаму перадалі грошы і дзве бандэролі

Палітвязень Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму знаходзіцца ў Віцебскім следчым ізалятары.

“Як мінімум да 20 сакавіка Міхаіл будзе ў Віцебску, а затым яго, відаць, ізноў адправяць у Горацкую калонію”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Свецік.

З 23 снежня Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў штрафным ізалятары Горацкай калоніі №9, але 21 лютага напісаў праваабаронцу Леаніду Свеціку ўжо з Віцебска.

Пазней афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова распавяла Свабодзе, што этапаванне Жамчужнага ў Віцебскі СІЗА не звязанае з выракам, які яму вынес Віцебскі абласны суд у 2015 годзе.

Яшчэ ў 2011 годзе віцебскія следчыя расследвалі крымінальную справу аб крадзяжы маёмасці Міхаіла Жамчужнага. У свой час яна была спынена, але зараз справу аднавілі.

“Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА Віцебска, – кажа Леанід Свецік. – Яго накіравалі ў следчы ізалятар як мінімум на месяц, таму да 20 сакавіка будзе знаходзіцца ў СІЗА дакладна”.

Праваабаронца адзначае, што сустрэчу з Міхаілам Жамчужным не дазволілі, але грошы яму перадалі.

“Акрамя таго, я паспеў адправіць яму дзве простыя бандэролі, – дадае Леанід Свецік. – Раней ён мяне прасіў даслаць паперу, паштовыя маркі, канверты і копію прысуда па апошняй справе.

Спадзяюся, што ўсё дойдзе, бо Жамчужнаму дазволены дзве бандэролі ў год. Зараз чакаю пацвярджэння, што яны дайшлі”.

Усяго з Віцебскага СІЗА Міхаіл Жамчужны даслаў Леаніду Свеціку тры лісты, але апошні быў вельмі кароткі.

“Напісаў, што пракурор Магілёўскай вобласці звярнуў увагу на яго скаргі і спадзяецца, што ўсё-такі будзе апраўданы”, – кажа праваабаронца.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Цімох Дранчук
  • Аляксей Бондар
  • Уладзімер Кобец
  • Зьміцер Завадскі
  • Міхаіл Марыніч