Міхаіл Жамчужны: Пішыце больш!

Палітвязень Міхаіл Жамчужны даслаў праваабаронцу Леаніду Свеціку ліст, у якім напісаў пра жыццё за кратамі.

“На здароўе не скардзіцца, але просіць больш яму пісаць”, – распавёў праваабаронца сайту palitviazni.info.

“Міхаіл з верасня да снежня будзе знаходзіцца ў ПКТ, што дае яму магчымасць пісаць лісты на волю, – кажа Леанід Свецік. – У апошнім лісце напісаў, што да яго зараз прыязджаюць два адвакаты – з Віцебска і Мінска. Сталічны адвакат займаецца яго першай справай”.

Праваабаронца адзначае, што неаднойчы патрабаваў спаткання з Міхаілам Жамчужным, але яму было ў гэтым адмоўлена, хаця пісаў і ў калонію, і ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

“Жамчужны мне напісаў, што больш не трэба намагацца сустрэцца, – працягвае Леанід Свецік. – Па-першае, усё роўна не дазволяць, і, па-другое, эфектыўнасць такіх сустрэч практычна нулявая – паразмаўляць дазволяць толькі па тэлефоне праз шкло і пад кантролем адміністрацыі. І ў любы момант супрацоўнік калоніі можа перарваць гутарку, калі яму нешта не спадабаецца.

Міхаіл не скардзіцца на здароўе, але просіць пісаць яму больш лістоў. Таму, калі нехта мае жаданне падтрымаць палітвязня, пішыце. Міхаілу Жамчужнаму патрэбна вашая падтрымка!”

Лісты можна дасылаць на адрас:

213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16,

г. Горкі, Магілёўская вобласць, Беларусь

Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Дубскі
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Арцём Пракапенка
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Артур Фінькевіч