Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны распавёў сайту palitviazni.info, што пасля выхаду на волю яму “спачатку трэба аглядзецца”.
“Зараз, што называецца, адаптуюся да грамадзянскага жыцця, – кажа Міхаіл Жамчужны. – Усё-такі больш за шэсць год быў у зусім іншай абстаноўцы, шмат часу праводзіў у ШІЗА і ПКТ, а гэта закрытыя прасторы. Таму зараз свабода, якая на мяне абрынулася, крыху цісне…”
Нагадаем, што былога 65-гадовага праваабаронцу і цяпер ужо экс-палітвязня Міхаіла Жамчужнага вызвалілі з Горацкай папраўчай калоніі 19 лютага.
У гэтай калоніі яго трымалі ад 13 ліпеня 2017 году, а наагул у калоніях строгага рэжыму Жамчужны прабыў шэсць з паловай гадоў.
10 чэрвеня 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага выдаваньня звестак, якія складаюць службовую таямніцу, незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама ў даванні хабару.
— Зараз, што называецца, адаптуюся да грамадзянскага жыцця, – кажа Міхаіл Жамчужны. – Усё-такі больш за шэсць год быў у зусім іншай абстаноўцы, шмат часу праводзіў у ШІЗА і ПКТ, а гэта закрытыя прасторы. Таму зараз свабода, якая на мяне абрынулася, крыху цісне, у псіхалагічным плане трэба прызвычаіцца да гэтай рэальнасці.
Дарэчы, у першую ноч пасля выхаду на волю я амаль не спаў. Прыкладна тры гадзіны ўдалося паспаць, а ўвесь астатні час асвойваў новы тэлефон, які мне падарылі сябры.
Далей былі шматлікія інтэрв’ю, гутаркі з калегамі-праваабаронцамі. Таксама кватэру трэба было абсталёўваць, бо, калі прыехаў, там былі проста голыя сцены. Уся маёмасць была канфіскавана, але зараз, дзякуй Богу, за два дні з дапамогай грамады знайшоў і мэблю, і посуд, і адзенне.
— Якія ў вас бліжэйшыя планы?
— Найперш трэба аглядзецца, як кажуць зарыентавацца ў абстаноўцы. Але, відаць, буду дзейнічаць у тым жа праваабарончым накірунку, што і раней.
— Вы шмат часу праводзілі ў ШІЗА і ПКТ. Ці адбілася гэта на здароўі?
– У ШІЗА і ПКТ я знаходзіўся са жніўня 2017 году. У штрафным ізалятары правёў 520 сутак, пры гэтым было нават 100 сутак запар.
Але на здароўі гэтыя выпрабаванні моцна не адбіліся. Я займаўся рэгулярна спортам, сачыў за сабой, наколькі гэта было магчыма ў тых умовах.
— Зараз вы знаходзіцеся пад прэвентыўным наглядам міліцыі?
— Так, у мяне зараз дастаткова шмат абмежаванняў. Напрыклад, забаронена пакідаць Віцебск, выходзіць з кватэры з 9 гадзін вечара і да 6-і раніцы. Трэба двойчы на месяц адзначацца ў міліцыі.
Зыходзячы з гэтага, і буду будаваць свае далейшыя планы. Не хацелася б даваць нагоду сілавікам, каб тыя ізноў мяне накіравалі за краты.
palitviazni.info
Фота: vitebskspring.org