Зьміцер Хведарук

Зьміцер Хведарук быў адным з абвінавачаных па крымінальнай справе cупраць некалькіх актывістаў “Маладога Фронту” — разам зь ім судзілі Насту Палажанку, Аляксея Янушэўскага, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1988 г. Скончыў гімназію № 11 г. Менску. Прафэсійна займаўся футболам. Граў за дублюючы склад футбольнага клюбу “Дарыда”, а таксама “Трактар” (сёньняшні “МТЗ-РІПА”). Цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Актыўны ўдзельнік вулічных акцыяў апазыцыі.

Храналёгія перасьледу

Неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі КДБ, міліцыі і байцамі спэцназу. Шмат разоў адбываў адміністратыўныя арышты за ўдзел у масавых акцыях. Трое сутак знаходзіўся ў турме КДБ. Пратэстант.

Крымінальная справа супраць “МФ” была ўзбуджаная 4 лютага 2007 году ўпраўленьнем КДБ па Менску па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу — “арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй”. У гэты дзень адбылося масавае затрыманьне ўдзельнікаў паседжаньня Цэнтральнай Рады незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, якое праводзілася ў прыватнай кватэры ў Менску. Некалькі дзясяткаў затрыманых моладзевых актывістаў праз пэўны час былі вызваленыя. Зьміцер Хведарук і Алег Корбан — зьмешчаныя ў СІЗА КДБ, дзе правялі трое сутак у якасьці падазраваных па ўзбуджанай крымінальнай справе. Пазьней у якасьці падазраваных па гэтай справе былі прыцягнутыя Барыс Гарэцкі, Аляксей Янушэўскі і непаўнагадовая на той час Наста Палажанка.

Абвінавачаньне грунтавалася на канфіскаваных падчас ператрусаў на кватэрах маладафронтаўцаў друкаваных матэрыялах, а таксама на раздрукоўках тэлефонных размоваў і аўдыёзапісе сходаў 29 верасьня 2006 г., 25, 29 студзеня, 1, 4 лютага 2007 году.

Зьмітра Хведарука абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў Першамайскай радай “Маладога Фронту”. Мэтай дзейнасьці “Маладога Фронту”, на думку абвінавачаньня, зьяўляўся захоп улады шляхам масавых вулічных акцыяў.

Судовыя слуханьні па справе праходзілі 28-29 траўня 2007 г. ў судзе Савецкага раёну Менску.

Дзяржабвінаваўца Міхонская прапанавала пакараць Зьмітра Хведарука штрафам у памеры 500 базавых велічыняў. Судзьдзя Руслан Аніскевіч прызнаў моладзевых актывістаў вінаватымі. Зьміцер Хведарук быў аштрафаваны на 40 базавых велічыняў (1 млн. 240 тыс. руб.).

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Бандажэўскі
  • Ірына Халіп
  • Кацярына Салаўёва
  • Тацяна Цішкевіч