Палітвязень Міхаіл Жамчужны зараз знаходзіцца ў Горацкай калоніі, але лістоў ад яго ўжо даўно не было.
“Не выключана, што Міхаіл да 20 мая будзе знаходзіцца ў штрафным ізалятары”, – паведаміў віцебскі праваабаронца Леанід Свецік сайту palitviazni.info.
Нагадаем, што з 20 лютага Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА. Гэта было звязана з тым, што следчыя аднавілі крымінальную справу 2011 году аб крадзяжы маёмасці Жамчужнага, якая ў свой час была спынена.
Пасля гэтага Міхаіла жачмужнага вярнулі ў Горацкую калонію. Ён паспеў паведаміць у лісце, што з 20 красавіка бядзе недасягальны для ліставання, а таму можна прагназаваць, што з гэтага часу ён ізноў знаходзіцца ў ШІЗА.
“Да гэтага часу няма ад Міхаіла ніякіх лістоў, і я ўжо пачынаю хвалявацца, – кажа Леанід Свецік. – Відавочна, што Жамчужны не можа напісаць, а значыцца яго ў чарговы раз адправілі ў штрафны ізалятар.
Калі ў ШІЗА накіравалі на месяц, то будзе там знаходзіцца да 20 мая. Дарэчы, менавіта напрыканцы месяца да Міхаіла Жамчужнага наведаецца адвакат”.
***
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.
palitviazni.info
Фота: spring96.org