Валеры Шчукін

Валеры Аляксеевіч Шчукін – дэпутат Вярхоўнага Савету РБ 13-га скліканьня, праваабаронца, журналіст (шмат гадоў быў карэспандэнтам незалежнай газэты “Народная Воля”). “Тройчы палітвязень” — супраць яго былі заведзеныя тры палітычныя крымінальныя справы.

Валеры Шчукін нарадзіўся 22 сакавіка 1942 г. ва Ўладзівастоку. Скончыў школу ў Менску, служыў у войску, пасьля дэмабілізацыі вярнуўся ў Менск. Скончыў Ленінградзкую вышэйшую вайскова-марскую інжынэрную вучэльню. 27 гадоў адслужыў у флёце, капітан другога рангу ў адстаўцы. Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Ад 1996 па 2003 г. жыў у Полацку, ад 2003 г. ня мае ўласнага жыльля.

Быў выключаны з Партыі камуністаў Беларусі. Сябра “Беларускага Хэльсынкскага камітэту”, ганаровы сябра “Беларускай асацыяцыі журналістаў”. Займаецца праваабарончай дзейнасьцю.

Храналёгія перасьледу

Валеры Шчукін шмат разоў затрымліваўся міліцыяй, быў караны штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Першы раз трапіў за краты напрыканцы 1998 году. На турэмным рахунку капітана другога рангу ў адстаўцы і дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня — некалькі дзясяткаў адміністрацыйных арыштаў і тры крымінальныя прысуды. З усіх адседак Шчукіну найбольш востра згадваецца адзін дзень у жодзінскай турме. Дзень, калі яму гвалтам пагалілі бараду.

У кастрычніку 1999 г. быў адным з заяўляльнікаў мітынгу і шэсьця “Марш Свабоды”. Але калі гарадзкімі ўладамі шэсьце было забароненае, ён адмовіўся ад свайго подпісу і пайшоў на “Марш” у якасьці звычайнага ўдзельніка. На 19 кастрычніка В. Шчукін быў выкліканы ў Савецкі РАУС па позве, дзе быў затрыманы паводле арт. 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ. Пры затрыманьні В. Шчукін быў моцна зьбіты (ім пададзеная скарга ў пракуратуру Савецкага раёну г. Менску). Тры дні В. Шчукін знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а пасьля прад’яўленьня яму абвінавачаньня (22 кастрычніка) па арт. 186.3 КК РБ накіраваны ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Абраная для В. Шчукіна мера стрыманьня, арышт, потым была зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе. Адносна В. Шчукіна парушаная дэпутацкая недатыкальнасьць. На яго арышт легітымны Вярхоўны Савет РБ дазволу не даваў, як таго патрабуе заканадаўства.

У 2001 г. пасьля спробы трапіць на прэсавую канфэрэнцыю міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, Валеры Шчукін адседзеў тры месяцы ў жодзінскай турме за непадпарадкаваньне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных справаў. 12 чэрвеня 2001 г. быў зьняволены, 13 верасьня 2001 г. — вызвалены.

Пасьля вызваленьня працягваў актыўную праваабарончую і журналісцкую дзейнасьць. Сябра БАЖ, журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін быў абвінавачаны па арт. 189 (“Зьнявага”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за распаўсюд улётак падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы 2007 года. У іх распавядалася, што супрацоўнікі акружных выбарчых камісыяў Віцебску ў часе датэрміновага галасаваньня парушаюць заканадаўства.

26 сакавіка 2007 г. Валерыя Шчукіна чарговы раз выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Віцебску. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле арт. 189 ч. 2 Крымінальнага кодэксу — “зьнявага, нанесеная ў друкаваным творы”, выкліканае тым, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы Валеры Шчукін вырабіў і распаўсюдзіў улёткі з крытыкай аб парушэньні заканадаўства супрацоўнікамі акружных выбарчых камісій гораду.

У сувязі з гэтым сьледчы Гердаў вынес пастанову пра ўжыцьцё да Шчукіна падпіскі аб нявыезьдзе. Аднак Шчукін такой падпіскі ня даў. Ён заявіў сьледчаму, што для яго, як для палітыка і журналіста, лепей сядзець у СІЗА, чым быць пад падпіскай пра нявыезд. Валеры Шчукін быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны.