76-гадовы праваабаронца Валерый Шчукін прайшоў 16 кіламетраў у падтрымку “Матчынага Руху 328”

Вядомы праваабаронца Валерый Шчукін распавёў сайту palitviazni.info, што ён, каб падтрымаць “Матчын Рух 328”, адправіўся ў паломніцкі тур і прайшоў 16 кіламетраў.

“Жанчыны маліліся за сваіх дзяцей, за змены “наркатычнага” артыкула ў заканадаўстве. Маліліся за тое, што ім баліць”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што ў “Матчын рух 328” уваходзяць маці дзяцей, якія асуджаны па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса (“незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”). Яны змагаюцца за змягчэнне пакарання для тых, у каго знайшлі наркотыкі – зараз іх асуджаюць, як распаўсюднікаў.

Раней удзельнікі гэтага руху аб’яўлялі галадоўку, затым была сустрэча з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай.

Не выключана, што актыўнасць гэтых жанчын дало свой плён, бо Генпракуратура пайшла на невялікі саступкі, заявіўшы, што па некаторых частках 328 артыкула пакаранне будзе зніжана.

“Днямі і я вырашыў падтрымаць “Матчын Рух 328” і адправіўся разам з жанчынамі ў паломніцкі тур, – распавёў сайту palitviazni.info Валерый Шчукін. – Ішлі з Мінска ад Храма Ражства Хрыстова да Мар’інай Горкі – у Храм Аляксандра Неўскага. Са сталіцы выйшлі 15 чалавек, але па дарозе да нас далучаліся іншыя, і ў Мар’іну Горку паломнікаў прыйшло ў два разы больш”.

76-гадовы праваабаронца кажа, што ўзрост не дазволіў яму прайсці ўвесь шлях да Мар’інай Горкі – гэта больш за 30 кіламетраў.

“У першы дзень прайшоў 7 кіламетраў, а далей мяне везлі на машыне, – кажа Валерый Шчукін. – На другі дзень адолеў яшчэ 9 кіламетраў. Праўда, у царкве пасля гэтага ўжо стаяць не мог. А жанчыны маліліся за сваіх дзяецй, за змены ў заканадаўстве “наркатычнага” артыкула. Маліліся за тое, што ім баліць…”

Са слоў суразмоўцы, пакаранне па гэтым артыкуле і насамрэч бывае часам неадэкватнае.

“Не мае значэння, колькі знайшлі ў чалавека наркатычнага рэчыва – пакарАнне ўсё роЎна вельмі жорсткае, – адзначае праваабаронца. – Пыл у кармане знойдуць – пойдзеш за краты, як распаўсюднік наркотыкаў. Тут вельмі шмат супярэчнасцей, і жанчыны якраз падымаюць гэтыя праблемы. Нават забойцы трапляюць пад амністыю, а тыя, хто праходзіць па наркатычным артыкуле, не”.

Валерый Шчукін дадае, што наркабароны практычна не сядзяць у беларускіх турмах:

“Па 8-15 гадоў сядзяць “стрэлачнікі”, якіх, да таго ж, нярэдка спецыяльна правакуюць на злачынныя дзеянні. Таму змены ў заканадўстве абавязкова неабходны. Нельга грэсці ўсіх па адзін грэбень”.

palitviazni.info

Фота: nash-dom.info

Іншыя палітычныя вязьні