“І вось у панядзелак я прыйшоў з рэчамі — садзіцца ў турму…”

Капітана другога рангу ў адстаўцы Валерыя Шчукіна можна сьмела назваць ветэранам беларускага супраціву. Ён тройчы судзімы па палітычных крымінальных справах. Пры гэтым яго адседкі яшчэ і па адміністрацыйных тэрмінах у канцы 90-х-напачатку 2000-х складалі рэкордны тэрмін. Праўда, сам Валеры Аляксеевіч сьціпла адзначае, што «потым з’явіліся новыя людзі», у тым ліку і тыя, “якія адседзелі сутак больш, чым я, і нашмат”.

З прычыны сталага ўзросту зараз на масавыя акцыі ён практычна не ходзіць: “Мяне там у выпадку бойкі затопчуць. У мяне ўжо няма сіл, калі мяне павалілі, падняцца”. Пасля арышту ў Жодзінскай турме ў былога волата-марака стала здаваць здароўе …
— Валеры Аляксеевіч, як ваш крымінальны перасьлед пачынаўся?
— Першая крымінальная судзімасьць была за «Марш Свабоды-1» — так званыя “масавыя беспарадкі”. Тады быў іншы артыкул, вядома, не той, што цяпер. Але сутнасьць тая ж самая. Тады нас са Статкевічам судзілі. Мы атрымалі штрафы, нас тады не пасадзілі.
Другая судзімасьць — гэта калі я выступіў у абарону журналістаў. Навумаў, тагачасны міністр унутраных спраў, арганізоўваў прэс-канферэнцыю, чамусьці рабіў яе ў сябе ў кабінеце. МУС — гэта рэжымны аб’ект, хачу — пускаю, хачу — не пускаю… Ну, натуральна, я ўмяшаўся. Падаў заяўку, усё як мае быць, прыходжу — мяне не пускаюць. Я «папёр», як той казаў — на мне павісьлі трое. Трое — гэта не я іх адужаць не магу, ні яны мяне. Узялі дзверы шкляныя ды і разляцеліся! Там не столькі, можа, шмат крыві пралілося, колькі размазалі — усё фае было ў крыві.
— І вы ж таксама парэзаліся там?
— Дык шкло ляцела мне на нагу.
— І вас яшчэ і вінаватым зрабілі?
— Прэс-сакратар МУС і кажа: «Шчукін уварваўся ў будынак МУС, стаў біць шкло, і мы вымушаныя былі яго зьвязаць». Хоць усё было наадварот. Я не разумею, чаму Навумаў не праводзіў прэс-канферэнцыю на Кастрычніцкай (Нацыянальны прэс-цэнтр РБ), напрыклад — гэтым было б пытанне вырашана…
— Як было ў трэці раз?
— А ў трэці раз гэта было падчас выбараў, калі старшыня камісіі, наш дырэктар школы, не рэгістраваў кандыдатаў, якія былі не ад улады. Я напісаў ўлётачку, якая дырэктар школы нягоднiца, і раздаваў яе школьнікам, якія ішлі ў школу і выходзілі са школы. Ну, і ўсё! Паднялі шум-гам па ўсім Віцебску, пачалі мяне адлоўліваць… Навошта ж мне было хавацца? Бо ўлёткі былі падпісаныя, я ананімных улётак не пішу ніколі, заўсёды іх падпісваю. І на мяне распачалі крымінальную справу. Прычым за абразу ўзбуджае справу той, хто палічыў сябе абражаным. А тут гэта зрабіў пракурор, угледзеўшы асаблівую грамадскую небясьпеку майго ўчынку… Садзіць мяне не сталі, штраф далі. Гэта значыць, за прэс-канферэнцыю я атрымаў тры месяцы арышту, а гэта былі два штрафу. Сумы штрафаў я ўжо, шчыра кажучы, не памятаю – у нас так зьмяняюцца грошы, што гэта цяжка ўспомніць.
— Раскажыце пра свой арышт. Як вас даставілі ў Жодзінскі СІЗА? Вас з дому забралі?
— Не. Мяне забралі проста там, з фае МУС. Выклікалі “хуткую”. Прывезлі ў шпіталь, выставілі ахову. Потым спрабавалі ўзяць у мяне падпіску аб нявыезьдзе. Я сказаў, што падпіску аб нявыездзе даваць не буду. Ёсць абавязацельства аб яўцы, гэта я падпішу. Доўга з кімсьці раіліся, нарэшце, я падпісаў абавязацельства аб яўцы. На самай справе аказалася, што суддзі нашы не чытаюць гэта. Калі суддзя абвяшчала мне прысуд, то прачытала: «Меру стрымання пакінуць ранейшай — падпіску аб нявыездзе». Я кажу: «Пачакайце, у мяне ніколі такой меры стрымання не было!» Суддзя пачынае гартаць справу: сапраўды, не было.
Я яшчэ пасьля гэтага доўга чакаў: пакуль абскардзіў, пакуль адказ прыйшоў … Я прасіў судзьдзю: калі апошняя мая касацыя, апошняя скарга будзе адменена, паведаміце мне! Не, суддзя не знайшла нічога лепшага, як у РАУС паслаць апавяшчэнне аб тым, каб мяне затрымалі. Гэта ў Полацк, у Фрунзенскі і Маскоўскі РАУСы Мінска — у тры райаддзелы міліцыі: “Затрымаць Шчукіна!». Ну, усё ж такі, даведаўшыся пра гэта, я пайшоў сам. У Фрунзенскі РАУС.
Кажу: “Так і так, мне неяк жа належыць у турме пасядзець, калі і куды мне з’яўляцца?” Міліцыянты схапіліся за галаву, давай думаць. Аказваецца, знайсці мяне даручылі ўчастковаму, а ў участковага спраў і без гэтага хапае, і ён забыўся. Ці ён не забыўся, а адклаў, гэта не самае галоўнае. Ну, яму, натуральна, ўляпілі. А мне сказалі: ну добра, прыходзь у панядзелак з рэчамі. І вось я ў панядзелак з рэчамі, і ўнучка мяне суправаджала, прыйшоў садзіцца ў турму …
(Працяг будзе)

Іншыя палітычныя вязьні