Валерый Шчукін: Штодзень робяць гемадыяліз

78-гадовы праваабаронца і былы палітвязень Валерый Шчукін па-ранейшаму знаходзіцца ў Ваенным шпіталі.

“Ныркі не працуюць, штодзень мне робяць гемадыяліз”, – распавёў Валерый Аляксеевіч сайту palitviazni.info.

Валер Шчукін — дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, дзе ўваходзіў у апазыцыйную групу. У свой час падпісаўся за імпічмэнт прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і пасля разгону парламента ў 1996 годзе заставаўся актыўным удзельнікам апазыцыйнай барацьбы. Валерыя Шчукіна шмат разоў затрымлівалі на апазіцыйных акцыях, каралі штрафамі і арыштамі.

Некалі тыдняў таму у шпіталь яго даставіла хуткая дапамога пасля рэзкага пагаршэння здароўя.

“Па-ранейшаму знаходжуся ў Ваенным шпіталі, – кажа Валерый Шчукін. – Самадчуванне так сабе, але добрым яго ніяк не назаеш. Калі б было ўсё нармальна, то больш за месяц тут не трымалі б.

Ныркі не працуюць, таму штодзень робяць гемадыяліз”.

Валерый Аляксеевіч кажа, што нават знаходзячыся на бальнічным ложку, стараецца сачыць за падзеямі ў краіне.

“Па меры магчымасці, натуральна, адсочваю апошнія палітычныя падзеі, – кажа Валерый Шчукін. – Ведаю, што людзі выходзяць на вуліцу з пратэстамі, якія не сцішаюцца. Я, калі б здароўе дазваляла, у першых шэрагах, магчыма, і не быў бы, але б таксама абавязкова прысутнічаў”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Клімаў
  • Валеры Леванеўскі