Валерый Шчукін: Спрабаваў бараніць праўду, а сам бараніўся ад няпраўды

22 сакавіка вядомаму беларускаму праваабаронцу Валерую Шчукіну споўнілася 75 гадоў.

Валерый Аляксеевіч Шчукін – адзін з самых сталых і вядомых праваабаронцаў Беларусі. У свой час быў рэкардсменам па колькасці знаходжання на “сутках”. Сам ён кажа, што раней нават вёў дзённік, дзе ўлічваў кожную ўласную “ходку”. А, калі лічба стала трохзначнай, перастаў весці ўлік.

Валерый Аляксеевіч распавядае сайту palitviazni.info, што спакойна ставіцца да юбілееў, якіх за ўсё жыццё было багата.

“Ужо не тыя гады, каб чакаць Дня нараджэння, як свята, – кажа суразмоўца. – Зараз больш хочацца цішыні ды цягне на асэнсаванне таго, што зрабіў за ўвесь час. І тут мне няма на што скардзіцца. Жыў сумленна, працаваў сумленна, спрабаваць бараніць праўду і сам бараніўся ад няпраўды”.

Валерый Шчукін узгадвае, што першы раз апынуўся на “сутках” пасля таго, як Лукашэнка фактычна разагнаў парламент XIII склікання. Бо ў сярэдзіне 90-х дзеючых дэпутатаў саджаць усё ж такі баяліся.

“Пазбавіўшыся дэпутацкай недатыкальнасці, я не кінуў актыўнай грамадзянскай дзейнасці, за што і трапіў у поле зроку нашых праваахоўных органаў, – успамінаў ён. – Спачатку мяне проста спрабавалі палохаць, але я, былы афіцэр, на пагрозы проста не звяртаў увагу. Потым мяне каралі штрафамі па адміністрацыйных артыкулах, “паехаў на суткі”…

Са слоў праваабаронцы, “сілы ўжо не тыя”, але “абвостранае пачуццё справядлівасці засталося, таму многія акцыі пратэсту і зараз не прапускаю”.

“Ціха сядзець у балоце, як жаба, – гэта не па мне, – дадае Валерый Аляксеевіч. – Я заўсёды быў байцом і ніколі не скараўся. Ні перад лёсам, ні перад уладамі…”

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Лявонаў
  • Наста Дашкевіч
  • Артур Фінькевіч
  • Леанід Сьвецік
  • Анатоль Паўлаў